Аляксандар Лукашэнка 2 лістапада падпісаў Указ № 339 аб прызначэньні і вызваленьні судзьдзяў. У прыватнасьці, указам прызначаныя 6 судзьдзяў Вярхоўнага Суда, кіраўнікі Гомельскага абласнога суда, а таксама эканамічных судоў Віцебскай вобласьці і Менску, паведаміла прэс-служба Лукашэнкі.
Як вынікае з указу, павышэньне, сярод іншага, атрымалі некаторыя судзьдзі, якія судзілі вядомых палітвязьняў і выносілі прысуды па палітычна матываваных крымінальных справах. Так, указам Лукашэнкі:
- Сьвятлану Бандарэнку вызвалілі ад пасады судзьдзі Менскага гарадзкога суда і прызначылі судзьдзёй Вярхоўнага Суда бестэрмінова. Яна, сярод іншага, вынесла прысуд журналістцы Tut.by Кацярыне Барысевіч і лекару Арцёму Сарокіну за «разгалошваньне лекарскай тайны» па справе забітага Рамана Бандарэнкі, асудзіла галоўнага рэдактара інтэрнэт-партала «Ежедневник» Сяргея Сацука, выносіла прысуды ў «справе Зельцара» і разглядала іншыя палітычна матываваныя справы. Сьвятлана Бандарэнка знаходзіцца пад санкцыямі Эўразьвязу.
- Аляксея Хлышчанкова вызвалілі ад пасады судзьдзі Гомельскага абласнога суда і прызначылі судзьдзёй Вярхоўнага Суда бестэрмінова. Ён, сярод іншага, асудзіў гомельскага журналіста Яўгена Меркіса, музыку і антыфашыстку Крысьціну Чаранкову, анархіста Сяргея Раманава, палітзьняволенага ў «справе Зельцара Руслана Асятрова і інш.
- Піскага судзьдзю Андрэя Бычылу прызначылі намесьнікам старшыні суда Пінскага раёну і горада Пінска. Ён, сярод іншага, вынес прысуд палітвязьню Мікалаю Клімовічу, які меў інваліднасьць у сувязі з хваробай сэрца і памёр у калёніі «Віцьба» 7 траўня 2023 году.
- Мікалая Бакунова прызначылі старшынёй Гомельскага абласнога суда, раней ён быў першым намесьнікам старшыні гэтага суда. Бакуноў, сярод іншага, разглядаў справу журналіста Свабоды Ігара Лосіка, Сяргея Ціханоўскага, Мікалая Статкевіча, Уладзіміра Цыгановіча, Арцёма Сакава і Дзьмітрыя Папова.
- Сяргея Кацара з пасады судзьдзі суда Маскоўскага раёну Менску перавялі ў Менскі гарадзкі суд. Ён з 2020 году разглядаў шэраг палітычна матываваных крымінальных спраў. Так, напрыклад, ён асудзіў уладальніка бара «Банки-Бутылки» Андрэя Жука і ягоную жонку Марыю пасьля таго, як у бары прайшоў вулічны канцэрт сьпявачкі Мэрыем Герасіменкі, якая засьпявала песьню «Океана Эльзи» «Обійми» у падтрымку Ўкраіны.
- Сьвятлану Кузьмічонак з пасады судзьдзі суда Аршанскага раён і Воршы перавялі ў суд Кастрычніцкага раёну Віцебска. Яна адправіла на 2 гады ў калёнію аршанца за «абразу Лукашэнкі», а за за абстрактны камэнтар пад фота ДАІшніка ў сацсетках дала машыністу з Воршы 2,5 года «хіміі».