Першапачатковы варыянт паправак прадугледжваў аналягічную забарону для машын зь беларускай рэгістрацыяй. Офіс Сьвятланы Ціханоўскай дамагаўся, каб гэтая забарона на беларускую рэгістрацыю не распаўсюджвалася.
У канчатковым чытаньні ў чацьвер, 2 лістапада, Саэйма падтрымала папраўкі ў Закон аб дарожным руху, якія прадугледжваюць забарону на ўдзел у дарожным руху расейскіх транспартных сродкаў, якія ня будуць зарэгістраваныя ў Латвіі на працягу пэўнага тэрміну, піша Delfi.
Закон прадугледжвае, што транспартны сродак павінен быць зарэгістраваны або вывезены з Латвіі не пазьней за 14 лютага 2024 году. Калі пасьля гэтага тэрміну незарэгістраваны ў Латвіі расейскі транспартны сродак будзе заўважаны на дарогах, яго арыштуюць і канфіскуюць.
Канфіскаваныя аўтамабілі перададуць Украіне.
Зарэгістраваны ў Расеі транспартны сродак можа выкарыстоўвацца ў дарожным руху ў Латвіі толькі ў тым выпадку, калі чалавек перасякае тэрыторыю Латвіі транзытам. А гэта дазволена толькі адзін раз і на працягу толькі 24 гадзін.
Перад уездам у Латвію чалавек павінен падаць інфармацыю аб транспартным сродку і яго кіроўцы з дапамогай электронных паслуг, якія прадастаўляе Дырэкцыя бясьпекі дарожнага руху.
За несанкцыянаванае выкарыстаньне ў дарожным руху расейскага транспартнага сродку, не зарэгістраванага ў Латвіі, прадугледжаны штраф ад 500 да 2000 эўра.
Папраўкі ўступяць у сілу 15 лістапада.