Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ёй важныя не падарункі, а эмоцыі». Палітзьняволеная журналістка Кацярына Андрэева адзначае 30-годзьдзе ў калёніі


Кацярына Андрэева на сваім дні народзінаў у 2020 годзе
Кацярына Андрэева на сваім дні народзінаў у 2020 годзе

2 лістапада спаўняецца 30 год журналістцы «Белсату» і палітзьняволенай Кацярыне Андрэевай (Бахвалавай), якую рэжым Лукашэнкі пакараў за стрым з «плошчы Перамен» 15 лістапада 2020 году.

У лютым 2021 году Андрэевай прысудзілі 2 гады зьняволеньня паводле 342 артыкула «за ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак», а ў 2022 годзе, ужо падчас адбыцьця першага тэрміну, зноў — 8 гадоў і 3 месяцы паводле артыкула 356 аб «здрадзе дзяржаве». Сутнасьць абвінавачаньняў невядомая дагэтуль.

Ужо больш за два з паловай гады Кацярыну Андрэеву трымаюць у жаночай калёніі № 4 у Гомлі. Вядома, што палітзьняволеная працуе на швейнай вытворчасьці, у вольны час яна чытае і піша вершы.

Стала вядома, што напярэдадні дня народзінаў у яе абвастрылася сытуацыя са здароўем.

«Кацярына ўсё часьцей пакутуе на алергію. Сёлета некалькі разоў у калёніі фарбавалі памяшканьні, а на фарбу ў яе рэзкая алергічная рэакцыя — станавілася цяжка дыхаць, пачынаўся кашаль. Ужо некалькі разоў у выніку такіх алергічных прыступаў яна трапляла ў санчастку. Нядаўна прыступ паўтарыўся. Добра, што лекары ставяцца да сваіх абавязкаў адказна і яна атрымала ўсю неабходную дапамогу. Цяпер ёй лягчэй», — расказала Свабодзе крыніца, знаёмая з сытуацыяй вакол Кацярыны Андрэевай.

Вершы Кацярына Андрэева піша па-беларуску і па-расейску. Некаторыя зь іх у сваіх сацсетках публікуе ейны муж Ігар Ільяш. Вось радкі зь верша бяз назвы, якія, на ягоную думку, адлюстроўваюць цяперашні досьвед Кацярыны.

А во мраке колючие звёзды, в строю по пять.
Средь высоких снегов кружат и кружат, скользя.
Их нельзя ни остановить, ни обнять —
Впрочем, оно и к лучшему, что нельзя.

Некаторыя вершы Кацярыны Андрэевай у межах праекту FreeAllWords былі перакладзеныя на розныя эўрапейскія мовы. «Аднак у калёніі вельмі шмат працы, таму знаходзіць час на вершы атрымліваецца рэдка», — паведамляла пра недахоп часу для творчасьці аўтарка.

«Натуральна, ніхто ня мог падумаць, што ёй прыйдзецца сустракаць 30-годзьдзе за кратамі. Усім вельмі цяжка з гэтым зьмірыцца. Але, мяркуем, Кацярына ні пра што не шкадуе», — кажа крыніца пра Кацярыну Андрэеву.

Палітзьняволенай дазволеныя спатканьні і перадачы. Знаёмыя Кацярыны Андрэевай мяркуюць, што да іхных віншаваньняў з днём народзінаў далучацца сяброўкі, зь якімі ёй даводзіцца разам пакутаваць у няволі.

«Больш за ўсё яна любіць, калі дораць эмоцыі, а канкрэтныя рэчы — гэта ўжо другаснае. Калі б так здарылася, што яна раптам выйшла на волю перад сваім 30-годзьдзем, то, меркавана, адзначала б гэты дзень у прыгожым падарожжы, на беразе мора. І родныя былі б побач зь ёю», — кажа крыніца пра палітзьняволеную Кацярыну Андрэеву і нагадвае яе словы, перададзеныя раней з калёніі: «Трэба сьціснуць зубы, зьберагчы сябе і дачакацца вызваленьня».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG