Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча спыніла выдачу гуманітарных візаў, аб якіх хадайнічаў Беларускі дом у Варшаве


Кіраўнік Беларускага дому ў Варшаве Алесь Зарэмбюк
Кіраўнік Беларускага дому ў Варшаве Алесь Зарэмбюк

З пачатку 2023 года па хадайніцтве Беларускага дома ў Варшаве 1507 чалавек атрымалі польскія гуманітарныя візы, аднак зь верасьня працэс спыніўся, паведаміў «Позірку» кіраўнік арганізацыі Алесь Зарэмбюк.

Паводле яго слоў, раней у выпадку гарантый БДВ гуманітарная віза выдавалася пацярпелым ад рэпрэсій беларусам на працягу двух тыдняў — паўтара месяца. З пачатку восені не задаволена ніводнае з 188 хадайніцтваў, пададзеных у Міністэрства замежных спраў Польшчы

Алесь Зарэмбюк адзначыў, што пасьля парлямэнцкіх выбараў, якія прайшлі ў Польшчы 15 кастрычніка, Беларускі дом у Варшаве атрымаў з МЗС «неафіцыйную інфармацыю» аб тым, што консульскі аддзел ведамства прыпыніў выдачу гуманітарных віз у чаканьні «новых рэкамэндацый».

«Гэта ўнівэрсальная праблема. На сёньня складанасьці з атрыманьнем гуманітарнай візы маюць усе беларусы незалежна ад краіны знаходжаньня. Наша арганізацыя чакае новых рэкамэндацый ад польскага МЗС у дачыненьні да візаў рэпрэсаваным беларусам. Хутчэй за ўсё, пасьля выбараў будзе сфармаваны новы ўрад, і ён будзе прымаць рашэньне па крытэрах і тэрмінах выдачы дазвольных дакумэнтаў для беларусаў», — сказаў кіраўнік БДВ.

Зарэмбюк падкрэсьліў, што Беларускі дом спрыяў у атрыманьні візаў, зыходзячы з выразных крытэрыяў:

«Мы дапамагалі толькі пацярпелым ад рэпрэсій, чальцам іх сем’яў або тым, каму небясьпечна знаходзіцца ў Беларусі. Гэта патрабавалася даказаць, падаўшы альбо дакумэнты, якія пацьвярджаюць факт рэпрэсій, альбо фота заяўніка з пратэстаў, альбо дзьве рэкамэндацыі ад вядомых людзей, якія маглі б апісаць праблему і гарантаваць факты рэпрэсій. Усяго ў 2023 годзе да нас зьвярнуліся 2642 чалавекі з адпаведным хадайніцтвам. Такім чынам, больш за тысячу чалавек не змаглі даказаць пагрозу з боку беларускіх уладаў або факт рэпрэсій».

Цяпер, дадаў Зарэмбюк, беларусам, якія маюць патрэбу ў гуманітарных польскіх візах, можна рэкамэндаваць адно — чакаць.

Кіраўнік Беларускага дому ў Варшаве разьлічвае, што Польшча працягне падтрымліваць беларусаў і зноў пачне выдаваць гуманітарныя візы, бо для многіх гэта азначае «захаваць свабоду, а ў некаторых выпадках жыцьцё».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG