З часу нападу ХАМАСу на Ізраіль мінулі ўжо тры тыдні. За гэты час наконт канфлікту выказаліся амаль усе палітычныя лідэры ў сьвеце. Але Аляксандар Лукашэнка дагэтуль маўчаў. МЗС Беларусі заняло пазыцыю нэўтралітэту, а дзяржаўныя мэдыя, праўладныя блогеры і тэлеграм-каналы выразна падтрымалі палестынцаў. Бо адчувалі настроі, навучыліся ўгадваць патаемныя думкі ўладара.
І вось нарэшце Лукашэнка загаварыў. Сэнсацыі ня здарылася. Ён сказаў тое, што прыкладна прагназавалі незалежныя экспэрты.
Найперш, ён паўтарыў дзяжурны тэзіс расейскіх палітыкаў і прапагандыстаў, што ва ўсім вінаватыя ЗША. А навошта Вашынгтону канфлікт на Блізкім Усходзе? Тлумачэньне Лукашэнкі няўцямнае. Маўляў, каб захаваць дамінуючае становішча ў сьвеце, спыніць пераход да шматпалярнасьці. І дзеля гэтага амэрыканцы нібыта імкнуцца «падпаліць вайнушку», «заварушку арганізуюць», «каб гэтая каламута ўсюды была».
Але ўзьнікае пытаньне: чаму ўсеагульны хаос, войны, «заварушкі» і «каламута» лепш для захаваньня дамінуючага становішча ў сьвеце, чым стабільнасьць? Незразумела. Але, як вядома, прапагандысцкія наратывы не грунтуюцца на лёгіцы.
Цяпер непасрэдна пра Блізкі Ўсход. У цяперашнім канфлікце Лукашэнка яўна на баку палестынцаў. І вылучае некалькі аргумэнтаў.
1. Ізраіль вінаваты ў тым, што супраціўляецца стварэньню Палестынскай дзяржавы. Лукашэнка кажа: «Ім трэба стварыць дзяржаву. Сказаць: не аўтаномія палестынская — вось ваша дзяржава... Тады ім можна і прад’яўляць прэтэнзіі. Чаго ж людзей пад зямлю загналі і патрабуем ад іх, каб яны крычалі: «Ура, ура, вы, ізраільцяне, малайцы, маеце рацыю»?..
2. Ізраіль вінаваты ў тым, што ў нападзе ХАМАСу на ізраільскую тэрыторыю абвінавачвае Іран. Лукашэнка абураны: «Ужо не Іран іх тузае, а яны іранцаў пачынаюць тузаць. Ну чаго вы? У вас што, факты ёсьць, што там Іран датычны да гэтага? Ёсьць факты — пакладзіце іх на стол, мы паглядзім. Але ніхто ж не прадʼявіў Ірану прэтэнзіі на аснове нейкіх фактаў».
Між тым, заўважым, фактаў якраз шмат. Але Лукашэнка іх не прымае, выкарыстаньне ХАМАСам іранскай зброі для яго — ня доказ: «Так, ракеты, накшталт „Шахіды“, бесьпілётнікі лётаюць. Дык і вашы бесьпілётнікі, ракеты ва Ўкраіне лётаюць. Ідзе гандаль зброяй».
Чаму Лукашэнка так зацята абараняе Іран, можна толькі здагадвацца.
3. Нарэшце, паводле Лукашэнкі, вайна выгадная ізраільскаму ўраду з унутрыпалітычнага гледзішча: «Паглядзіце, што там адбываецца. Там жа ўнутры ідзе фактычна бойня. Гэтага беднага Нэтаньягу ўжо „мочаць“ колькі месяцаў запар і гадоў, крымінальныя справы завялі. Заварушка выгадная, зыходзячы з той лёгікі, што нас папракаюць. Мусіць, выгадная. Можам мы так разважаць — можам».
І ніводнага слова папроку, ніводнага закліку да міру на адрас другога боку канфлікту (ХАМАСу, палестынцаў). Амаль люстраны адбітак пазыцыі афіцыйнага Менску адносна вайны Расеі супраць Украіны. Усе папрокі, заклікі спыніць вайну адрасаваныя толькі ўкраінскаму боку, Захаду. І ніякіх прэтэнзій да РФ. Такая вось «аб’ектыўнасьць».