Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спэцдакладчыца ААН па Беларусі: рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае меры барацьбы з «тэрарызмам» для падаўленьня апазыцыі


Ілюстрацыйная выява. "Рэйкавыя" партызаны, каляж
Ілюстрацыйная выява. "Рэйкавыя" партызаны, каляж

Становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі працягвае пагаршацца, нягледзячы на скарачэньне колькасьці вулічных пратэстаў і зьніжэньне ўвагі да іх з боку сусьветных СМІ. Пра гэта ў сваім апошнім дакладзе, паведамляе спэцыяльны дакладчык ААН па правах чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн.

Анаіс Марэн
Анаіс Марэн

Марэн падкрэсьлівае, што зьмены ў заканадаўстве Беларусі, якія адбыліся за апошнія тры гады, зрабілі практычна немагчымай любую пратэставую дзейнасьць, як у Інтэрнэце, так і за яго межамі. Праявы іншадумства нязьменна спалучаныя з рызыкай крымінальнага перасьледу і пакараньня на падставе супрацьдзеяньня «тэрарызму» і «экстрэмізму».

Са жніўня 2020 году па крымінальных артыкулах у Беларусі было асуджана сама меней 3645 чалавек, зь іх 1440 — за ўдзел у акцыях пратэсту. Паводле стану на ліпень 2023 году, у зьняволеньні заставаліся сама меней 1488 палітычных зьняволеных ва ўзросьце ад 15 да 75 гадоў, у тым ліку 165 жанчын.

«Павелічэньне колькасьці антытэрарыстычных і так званых „антыэкстрэмісцкіх“ законаў і мераў, з аднаго боку, і зьнішчэньне грамадзянскай прасторы, апазыцыйных рухаў і незалежнай журналістыкі — з другога, адбываліся адначасова», — гаворыцца ў дакладзе.

Спэцдакладчыца таксама адзначае, што вельмі шырокае вызначэньне паняцьця «тэрарызм» у беларускім заканадаўстве дазваляе кваліфікаваць розныя дзеяньні як «акты тэрарызму» па меркаваньні дзяржавы. Марэн нагадвае, што ў Беларусі за акты тэрарызму прадугледжана сьмяротнае пакараньне, пры гэтым парушаюцца мінімальныя міжнародныя стандарты яе ўжываньня.

Яна заўважае, што заканадаўства аб барацьбе з тэрарызмам ужываецца і ў дачыненьні да тых, хто выказвае нязгоду з вайной ва Ўкраіне і выступае супраць яе.

У лістападзе 2022 году Сьледчы камітэт паведаміў пра больш за 30 крымінальных спраў, заведзеных паводле артыкулу 289 Крымінальнага кодэксу Беларусі аб актах тэрарызму. Да іх адносяцца так званыя справы «рэйкавых партызанаў», зьвязаныя з меркаваным пашкоджаньнем чыгуначных шляхоў і іншымі актамі дывэрсіі на аб’ектах інфраструктуры з мэтай перашкодзіць перасоўваньню расейскай вайсковай тэхнікі і войскаў па тэрыторыі Беларусі. Практычна ва ўсіх выпадках гэтыя дзеяньні разглядаліся беларускімі ўладамі як акты тэрарызму.

На загад Аляксандра Лукашэнкі ў сакавіку 2023 году сілавыя структуры актывізавалі працу адносна «грамадзян, якія маюць дачыненьне да дзейнасьці экстрэмісцкіх фармаваньняў і тэрарыстычных арганізацый».

10 сакавіка 2023 году МУС Беларусі паведаміла, што яго супрацоўнікі «адпрацавалі» больш за 60 чалавек, якія маюць дачыненьне да так званых «дэструктыўных ініцыятываў». Мяркуецца, што гэтыя меры маглі быць зьвязаныя з атакай дрону, які пашкодзіў расейскі вайсковы самалёт на беларускім аэрадроме Мачулішчы, адзначаецца ў дакладзе. Пасьля гэтага інцыдэнту КДБ завёў крымінальную справу па факце «спробы ўчыненьня акту тэрарызму», і 7 сакавіка 2023 году Лукашэнка абвясьціў пра арышт меркаванага злачынцы і больш за 20 ягоных саўдзельнікаў.

Сталае прадстаўніцтва Беларусі пры ААН у Жэнэве адрэагавала на даклад Анаіс Марэн. У камэнтары ведамства заяўляе, што мандат спэцдакладчыка «не прадугледжвае ўмяшаньня ва ўнутраныя справы сувэрэннай дзяржавы, тым больш — абарону экстрэмістаў».

Ведамства адзначае, што ў дакладзе спэцдакладчыцы ААН па правах чалавека ў Беларусі «пад сумнеў ставіцца права дзяржавы на гарантаваньне бясьпекі ўласных грамадзян, забесьпячэньне міру і правапарадку на сваёй тэрыторыі, на супрацьдзеяньне правакацыям», у той час як выбухі на чыгунцы, пра арышты за якія згадваецца ў дакладзе, патэнцыйна маглі б забраць жыцьці сотняў мірных жыхароў і «гэта спроба тэракту, якая ня можа быць апраўданая».

«Слабая дзяржава, ня здольная абараніць сваё насельніцтва ад тэрору — мабыць, гэта той арыентыр, які нам настойліва прапануе спэцдакладчык пад воплескі сваіх прыхільнікаў», — гаворыцца ў камэнтары Сталага прадстаўніцтва Беларусі пры ААН у Жэнэве.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG