У апавяшчэньні польскай кампаніі CDRL адзначаецца, што «Альфа-Банк» запатрабаваў вярнуць валютны крэдыт, займеўшы права накіраваць спагнаньне на маёмасьць беларускай юрыдычнай асобы, піша Reform.by.
Таксама дырэктар «ДПМ» падаў заяву аб перадухіленьні неплатаздольнасьці і банкруцтва. Апошняя акалічнасьць не дазволіць польскаму інвэстару кіраваць даччынай кампаніяй у адпаведнасьці са сваімі стандартамі. У заяве таксама адзначаецца «бягучая палітычная сытуацыя ў Беларусі, якая праяўляецца ў значным уплыве беларускіх уладаў на фармаваньне гандлёвых адносін і эканамічнае становішча даччынага таварыства».
У выніку CDRL прыняла рашэньне спыніць пастаўкі тавараў на адрас беларускай кампаніі і сьпісаць пратэрмінаваную дэбіторскую запазычанасьць ТАА «ДПМ» у памеры 1,7 млн злотых (400 тысяч даляраў). Яшчэ 3 млн злотых (706 тысяч даляраў) дэбіторскай запазычанасьці мяркуецца сьпісаць у чацьвёртым квартале.
- Польская CDRL закрыла ўгоду па набыцьці долі ў 90% сеткі «Бусьлік» у канцы 2018 году. Кантроль над беларускай кампаніяй перайшоў да палякаў з 1 студзеня 2019 году. Свае долі прадалі расейскія акцыянэры, а таксама Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця.