Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«З улікам міжнароднай абстаноўкі». Лукашэнка ўвёў дадатковыя абмежаваньні для прыёму на дыпляматычную службу


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. МЗС Беларусі
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. МЗС Беларусі

Аляксандар Лукашэнка 26 кастрычніка падпісаў указ № 334, які прадугледжвае комплексную карэкцыю палажэньня аб дыпляматычнай службе, паведаміла ягоная прэс-служба.

Абноўленыя нормы «ўлічваюць зьмяненьне міжнароднай абстаноўкі», а таксама даручэньні Аляксандра Лукашэнкі наконт арганізацыі працы органаў дыпляматычнай службы і задач, якія яна цяпер вырашае, гаворыцца ў паведамленьні.

Указам, сярод іншага, уводзяцца дадатковыя абмежаваньні для прыёму і знаходжаньня на дыпляматычнай службе.

Калі раней акалічнасьцю, якая перашкаджае прыёму на дыпляматычную службу і яе праходжаньню, была прыналежнасьць да замежнага грамадзянства мужа\жонкі кандыдата або ягоных бацькоў ці дзяцей, якія жывуць разам зь ім, дык цяпер абмежаваньне пашырылі.

Акрамя замежнага грамадзянства, прыёму на дыпляматычную службу цяпер можа перашкаджаць наяўнасьць у мужа\жонкі дазволу на жыхарства ці іншага дакумэнта, які пацьвярджае права на сталае пражываньне ў іншай краіне (напрыклад, «карта паляка»), і іншых дакумэнтаў, якія даюць права на льготы і перавагі «ў сувязі з палітычнымі, рэлігійнымі поглядамі ці нацыянальнай прыналежнасьцю». У выпадку, калі такі дакумэнт ёсьць у блізкіх сваякоў (бацькі, дзеці, браты і сёстры), пытаньне магчымасьці прыёму на дыпляматычную службу будзе ўзгадняцца з КДБ.

Факт наяўнасьці ў мужа\жонкі дакумэнтаў замежнай дзяржавы можа стаць і прычынай для звальненьня дыпляматычнага супрацоўніка, гэтак жа як і наяўнасьць такіх дакумэнтаў у блізкіх сваякоў — калі прынятае «ўзгодненае з КДБ рашэньне аб немэтазгоднасьці далейшага знаходжаньня дыпляматычнага работніка на службе».

Узмацнілі і праверкі пры прыёме на дыпляматычную службу. Раней кандыдаты мусілі прайсьці экзамэны, тэставаньне і гутарку. Цяпер яны таксама будуць праходзіць «адмысловую праверку з выкарыстаньнем пры неабходнасьці тэхнічных сродкаў (паліграфу) у парадку, вызначаным КДБ» пры прыёме на дыпляматычную службу, а таксама па завяршэньні працы ў замежнай установе.

У пералік прычын, па якіх дыплямата могуць адклікаць у Беларусь да заканчэньня тэрміну кантракту, дадалі «парушэньне патрабаваньняў заканадаўства аб дзяржаўных сакрэтах, а таксама аб парадку абыходжаньня са службовай інфармацыяй абмежаванага распаўсюду», калі гэта пацягнула за сабой іх разгалошваньне або страту, або стварыла перадумовы для гэтага.

  • 11 ліпеня 2023 году набылі моц зьмены ў Закон «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь», згодна зь якімі грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія маюць замежны дакумэнт (пашпарт, дазвол на жыхарства, дакумэнт, які дае права на льготы), былі абавязаныя праінфармаваць пра гэта органы ўнутраных спраў або органы дыпляматычнай службы да 11 кастрычніка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG