Расея чацьвёрты дзень запар атакуе дронамі Хмяльніцкую вобласьць. У ноч на 25 кастрычніка ад чарговага ўдару пацярпела тэрыторыя побач з Хмяльніцкай АЭС.
«Ёсьць пашкоджаньні ў памяшканьнях паблізу станцыі. Без электрычнасьці засталіся 1860 спажыўцоў у гарадах Славута і Няцішын», — адзначаецца ў паведамленьні ўкраінскага ўраду.
У горадзе Няцішын Шапятоўскага раёну знаходзіцца Хмяльніцкая АЭС. Улады вобласьці ўдакладнілі, што «аб’ект крытычнай інфраструктуры» ў Шапятоўскім раёне пацярпеў у выніку падзеньня дронаў, зьбітых ўкраінскімі сродкамі СПА.
Выбуховай хваляй пашкоджаны нежылыя памяшканьні, жылыя будынкі і аўтамабілі. Раненьні атрымалі 16 мясцовых жыхароў.
На Хмяльніцкай АЭС працуюць два энэргаблёкі. Асноўнае прызначэньне станцыі — пакрыцьцё дэфіцыту электрычных магутнасьцяў у заходнім рэгіёне Ўкраіне.
Гэта ня першы інцыдэнт на Хмяльніцкай АЭС, які адбыўся праз абстрэлы з пачатку расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну.
15 лістапада 2022 году ў часе інтэнсіўнага ракетнага абстрэлу Расеяй Хмяльніцкая АЭС страціла доступ да электрасеткі і часова перайшла на працу ў аварыйным рэжыме ад дызэль-генэратараў. У выніку давялося спыняць працу абодвух рэактараў.
10 лютага 2023 году, таксама пасьля ракетнага абстрэлу Расеяй, адзін з блёкаў спыніўся празь нестабільнасьць электрасеткі.
Яшчэ адна атамная станцыя — Запароская АЭС — застаецца пад поўным кантролем Расеі з моманту яе захопу ў сакавіку 2022 году.