Служба інфармацыі і бясьпекі Малдовы ўхваліла рашэньне аб блякаваньні 22 сайтаў расейскіх СМІ.
Рашэньне аб блякаваньні патлумачылі тым, што гэтыя рэсурсы распаўсюджваюць інфармацыю «ад органаў дзяржаўнай улады краіны, якая знаходзіцца ў ваенным канфлікце і прызнана краінай-агрэсаркай», адзначаецца ў паведамленьні Службы інфармацыі і бясьпекі Малдовы.
Сярод заблякаваных — сайты кампаніі «Всероссийская государственная телерадиокомпания», тэлеканалаў RT, «Первый канал», «Царьград», НТВ, ТВЦ, «Звезда», РЕН ТВ, «Мир», «Пятый канал», «Москва 24», «360», «Спас».
Адпаведнае распараджэньне Служба інфармацыі і бясьпекі накіравала ўсім правайдэрам Малдовы.
Расея пакуль не адрэагавала на гэтае рашэньне.
У сярэдзіне верасьня Малдова выслала з краіны кіраўніка малдоўскага філіялу расейскага дзяржаўнага агенцтва Sputnik за распаўсюд «прапаганды і дэзынфармацыі». Віталію Дзянісаву забаранілі ўезд у краіну на 10 гадоў.
Пасьля расейскага ваеннага ўварваньня Малдова заблякавала сайт Sputnik-Молдова.