Пра гэта Санду распавяла ў інтэрвію, апублікаваным у пятніцу брытанскай газэтай Financial Times.
Па словах Санду, Прыгожын удзельнічаў у плянаваньні дзяржперавароту. «Паводле наяўнай у нас інфармацыі, гэта быў плян, падрыхтаваны камандай Прыгожына», — сказала прэзыдэнтка Малдовы, дадаўшы, што змоўшчыкі зьбіраліся зрабіць так, каб масавыя антыўрадавыя пратэсты ў краіне перарасьлі ў сутыкненьні.
Мая Санду мяркуе, што прарасейскія сілы ў Малдове і далей будуць фінансавацца Масквой для дэстабілізацыі краіны, атрымліваючы грошы праз «перавозчыкаў». Яна расказала, што спэцслужбы Малдовы адсачылі сама меней 20 мільёнаў эўра, якія, як сьцьвярджаецца, Расея завезла ў краіну для выкарыстаньня ў палітычных мэтах, але рэальная лічба, як відаць, яшчэ вышэйшая. «Сытуацыя сапраўды драматычная, і мы павінны абараніць сябе», — падкрэсьліла прэзыдэнтка.
Камэнтароў уладаў Расеі на гэтыя выказваньні Санду пакуль няма.
Як зазначае малдоўская служба Радыё Свабода, інтэрвію выйшла ў той момант, калі лідэры ЭЗ абмяркоўваюць у Гранадзе пэрспэктывы ўступленьня ў эўрапейскі блёк Рэспублікі Малдова і іншых краінаў Усходняй Эўропы. Мая Санду заявіла ў гішпанскім горадзе, што прыняцьце ў ЭЗ — лепшы спосаб гарантаваць бясьпеку Малдовы.
5 лістапада ў Малдове адбудуцца ўсеагульныя выбары ў мясцовыя органы ўлады. Як сказана ў публікацыі Financial Times, у некаторых раёнах краіны кіруючая партыя Санду апынулася ў цяжкім становішчы, у тым ліку ў сталіцы Кішынёве. Па словах Санд, у яе ёсьць доказы, што Масква спрабуе дасягнуць посьпеху прарасейскіх сілаў на рэгіянальных выбарах, каб затым умацаваць яго на прэзыдэнцкіх выбарах у наступным годзе і парлямэнцкіх — у 2025-м, піша Руская служба ВВС.
- Інфармацыю аб расейскім пляне зьвяржэньня празаходняй улады ў Кішынёве ўпершыню абнародаваў прэзыдэнт Украіны Уладзімер Зяленскі, які заявіў, што гэты плян быў перахоплены спэцслужбамі яго краіны. Затым існаваньне пляну пацьвердзіла Майя Санд. Расейскі МЗС у адказ заяўляў, што сьцьвярджэньні Санду зусім неабгрунтаваныя і нічым не пацьверджаныя. Расейскае ведамства адначасова абвінаваціла Ўкраіну ў нагнятаньні напружанасьці і спробах уцягнуць Кішынёў «у жорсткую канфрантацыю з Расеяй».
- Зьвесткі пра тое, што ПВК «Вагнэр» удзельнічала ў падрыхтоўцы беспарадкаў у Малдове, раней ужо зьяўлялася — са спасылкай на сакрэтны дакумэнт міністэрства абароны ЗША. У дакумэнце, зь якім у красавіку азнаёміўся карэспандэнт Радыё Свабода, гаварылася, што Расея працягнула спробы дэстабілізаваць сытуацыю ў Малдове, нягледзячы на тое, што яе намеры былі раскрытыя ўладамі гэтай краіны.