Лінкі ўнівэрсальнага доступу

 
Лукашэнка занепакоіўся пэнсіямі пракурораў на фоне нявырашаных пэнсійных праблем звычайных беларусаў. Пра што мова

Лукашэнка занепакоіўся пэнсіямі пракурораў на фоне нявырашаных пэнсійных праблем звычайных беларусаў. Пра што мова


У Беларусі могуць увесьці зьмены ў пэнсіях супрацоўнікаў пракуратур. Гэта прадугледжана законапраектам, які на разгляд Палаты прадстаўнікоў ўнёс Аляксандар Лукашэнка. Дакумэнт зацьверджаны ў парлямэнце ў першым чытаньні і чакае другога.

Сайт «Зекркало» нагадвае пра чатыры хранічныя пэнсійныя праблемы, якія чыноўнікі не вырашаюць гадамі.

Топ-4 нявырашаных хранічных пэнсійных праблем

1. Утрыманьне часткі пэнсіі ў пэнсіянэраў, якія працуюць. Бізнэс прапануе, каб тым, хто працягвае працаваць на заслужаным адпачынку, выплачвалі поўную пэнсію, а не зьменшаную, як цяпер. Чакаецца, што гэта прыцягне дадатковыя працоўныя рэсурсы ў сытуацыі, калі на рынку назіраецца недахоп працаўнікоў.

2. Нізкія пэнсіі. Чыноўнікі з году ў год абяцаюць, што сярэдняя пэнсія будзе складаць 40% ад сярэдняга заробку па краіне. У жніўні 2023 году гэты паказьнік быў на ўзроўні 35,9%. Сярэдні заробак склаў 1962,4 рубля, а сярэдняя пэнсія па ўзросьце таго, хто не працуе на заслужаным адпачынку, — 703,78 рубля.

3. У Беларусі захоўваецца праблема зь мінімальным страхавым стажам. Ён неабходны для атрыманьня працоўнай пэнсіі. У гэты стаж уваходзіць толькі той час, калі чалавек працаваў і працадаўца плаціў за яго страхавыя ўзносы ў Фонд сацыяльнай абароны. У 2013 годзе мінімальны страхавы стаж павялічыўся з 5 да 10 гадоў. Цяпер ён складае 19 гадоў, з 1 студзеня 2024 году вырасьце на паўгода — да 19 гадоў і шасьці месяцаў, а ў 2025 годзе — да 20 гадоў. Беларусы, якія ня выпрацавалі страхавы стаж па новых правілах, трапляюць у пэнсійную пастку, яны ня могуць прэтэндаваць на працоўную пэнсію, ім могуць прызначыць толькі сацыяльную: мужчынам — з 65 гадоў, жанчынам — з 60 гадоў. Цяпер сацыяльная пэнсія складае 182,2 рубля.

4. Яшчэ адна нявырашаная праблема таксама датычыцца пэнсійнай пасткі. Мова аб сытуацыях, калі наймальнікі не плацілі за работнікаў страхавыя ўзносы ў ФСАН, з прычыны чаго тыя ня могуць прэтэндаваць на працоўную пэнсію, а толькі на сацыяльную. Цяпер чыноўнікі хочуць увесьці абавязковае страхаваньне за нявыплату зарплаты і ўзносаў у ФСАН. Мяркуецца, што гэта можа абараніць работніказ. Аднак у фэдэрацыі прафсаюзаў лічаць, што гэта ня вырашыць праблему тых, хто ўжо трапіў у пэнсійную пастку.

Якія зьмены чакаюць пэнсіянэраў пракуратуры

Ухвалены ў першым чытаньні законапраект прапануе зьмены па пэнсіях пракурорскіх працаўнікоў за выслугу гадоў і выплат па ўзросьце.

Прапануецца зьнізіць для пракурорскіх працаўнікоў агульнаўстаноўлены пэнсійны ўзрост ня больш як на 5 гадоў з выплатай пэнсіі за выслугу гадоў у поўным памеры, калі яны не працуюць на заслужаным адпачынку. Выключэньне — праца паводле грамадзянска-прававой дамовы.

Пры гэтым тым работнікам, якія далей працуюць у органах пракуратуры на заслужаным адпачынку, хочуць выплачваць пэнсію па ўзросьце са зьніжэньнем агульнаўстаноўленага пэнсійнага ўзросту ня больш як на 5 гадоў.

  • Агульнаўстаноўлены ўзрост у Беларусі складае 58 гадоў для жанчын і 63 гады для мужчын.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG