У адрозьненьне ад савецкай дзяржавы, рэжым Лукашэнкі не ўсьвядоміў патрэбы ў падтрымцы культуры, што прывяло да поўнага яе правалу ці нават поўнай адсутнасьці афіцыйнай культуры«, — лічыць Тацяна Астроўская, аўтарка кнігі «Культура і супраціў», якая нядаўна стала ляўрэаткай прэміі Міжнароднага кангрэсу дасьледчыкаў Беларусі.
«Нам трэба быць удзячнымі тым, хто, нягледзячы на несупынны кантроль з боку дзяржавы і рызыку рэпрэсій, працягвае займацца сваёй справай»
— Наколькі аб’ектыўна, па-вашаму, могуць цяпер працаваць у Беларусі тыя навукоўцы, якія застаюцца вернымі сваім прафэсійным і маральным прынцыпам?
— Калегам і каляжанкам, якія засталіся ў Беларусі і імкнуцца далей займацца гуманітарнай навукай, цяпер вельмі цяжка. Ці маем мы права гаварыць за іх і ад іхнага імя? Думаю, што не. Трэба думаць, якім чынам можна патрымаць іх, ня страціць сувязь зь імі, ня ставячы пад пагрозу ні іх саміх, ні іхную працу.
Зыходзячы з савецкага досьведу, якія магчымасьці прафэсійнай рэалізацыі ў надзвычайна палітызаванай гуманітарнай навуцы наогул існуюць? На працу паводле двайных стандартаў, мне ўяўляецца, здольныя нямногія.
Працаваць у стол таксама немагчыма для большасьці, бо якім чынам у гэтым выпадку забясьпечваць матэрыяльныя патрэбы свае і, у большасьці выпадкаў, сваёй сям’і? Мне думаецца, што, як і ў савецкія часы, найбольш заканамернае выйсьце тут — якасная, пасьлядоўная і карпатлівая распрацоўка тых тэмаў, якія не ўспрымаюцца як рызыкоўныя палітычна. У беларускай, эўрапейскай, сусьветнай гісторыі хапае недасьледаваных тэмаў, і каляжанкі і калегі, якія засталіся ў Беларусі, маюць перавагу перад намі — у іх ёсьць доступ да беларускіх і расейскіх архіваў.
Я думаю, нам трэба разумець і быць удзячнымі тым, хто, нягледзячы на несупынны кантроль з боку дзяржавы і рызыку рэпрэсій, працягвае займацца сваёй (нават калі на першы погляд і ня дужа бачнай) справай — упарадкоўвае далей архівы, клапоціцца пра захаваньне рэдкіх кніг, працуе на рэстаўрацыі ці археалягічных раскопках, выкладае.
«Ёсьць рызыка, што нашы кнігі ды артыкулы празь нейкі час акажуцца часткова састарэлымі, недастатковымі ці будуць падавацца ідэалягічна заангажаванымі»
— А наколькі аб’ектыўна, па-вашаму, могуць дасьледаваць праблемы гісторыі, сацыялёгіі, права, культуры Беларусі тыя навукоўцы, якія ня маюць магчымасьці быць, калі так можна сказаць, непасрэднымі сьведкамі ці нават удзельнікамі грамадзкіх і культурных працэсаў у самой Беларусі?
— Адкажу тут толькі за сваю дысцыпліну, гістарычную навуку, якая патрабуе дыстанцыі. Вядома, мы ня ў стане ствараць аб’ектыўную веду зараз (калі б яна ўвогуле існавала), але мы можам і павінны да яе імкнуцца.
Прабелы, лякуны ў крыніцах і інфармацыі, вядома, вялікія, і яны значна абмяжоўваюць навуковую працу. Але яна павінна працягвацца! Важна разумець і адкрыта абмяркоўваць гэтыя абмежаваньні. Вядома, ёсьць рызыка, што так, як і ў часы халоднай вайны, кнігі ды артыкулы, якія мы пішам, празь нейкі час акажуцца часткова састарэлымі, недастатковымі ці будуць здавацца ідэалягічна заангажаванымі. Аднак яны ў любым выпадку застануцца важнымі сьведчаньнямі эпохі і будуць спрыяць яе лепшаму разуменьню.
«Афіцыйная культура „абароненая“ ад паўставаньня супраціву з самой сябе»
— Калі вярнуцца да вашай уганараванай кнігі «Культура і супраціў»... Як вы бачыце і ацэньваеце падзеі і зьявы ў сучаснай Беларусі, якія ўтвараюць словазлучэньні назову вашай кнігі?
— У кнізе я апісвала, як альтэрнатыўныя ідэі, выказваньні, дзеяньні ўзьнікаюць насуперак абмежаваньням і ў тым ліку і ў прасторы афіцыйнай культуры, як толькі абмежаваньні паслабляюцца, як толькі самая малая магчымасьць для гэтага зьяўляецца. Супраціў — гэта ня акт, але працэс, і менавіта сродкамі культуры магчымае падтрыманьне ўстойлівасьці гэтага працэсу.
Аднак як магчымы культурны супраціў у сёньняшняй сытуацыі татальных рэпрэсій, якія ахопліваюць усе ўзроўні грамадзтва (а ня толькі інтэлігенцыю, пра якую ішла гаворка ў кнізе), пры амаль поўнай немагчымасьці свабоднага выказваньня? У сытуацыі, калі дзяржаўная культурная палітыка зводзіцца, па сутнасьці, да падтрымкі масава-забаўляльных мерапрыемстваў? А тое, што можна было б аднесьці да афіцыйнай культуры, напрыклад творы спансаванага дзяржавай грамадзкага аб’яднаньня «Саюз пісьменьнікаў Беларусі», зь невялікім выключэньнем маюць вельмі сумнеўную эстэтычную вартасьць?
У адрозьненьне ад савецкай дзяржавы, рэжым Лукашэнкі не ўсьвядоміў патрэбы ў падтрымцы культуры, што прывяло да поўнага яе правалу ці нават поўнай адсутнасьці афіцыйнай культуры. Нельга выключаць, аднак, што такім чынам афіцыйная культура была «абароненая» ад паўставаньня супраціву з самой сябе, як гэта адбывалася ў савецкім грамадзтве.
І ўсё ж магчыма і нават верагодна, што тая прастора «паміж», пра якую я пісала ў кнізе; прастора, якая патэнцыйна можа быць месцам узьнікненьня альтэрнатыўных ідэяў і практык, працягвае існаваць і ў межах Беларусі. Як паказалі савецкі досьвед і рэвалюцыя 2020 году, пераход ад культурнага актывізму да палітычных маніфэстацый можа адбыцца вельмі хутка.
«Ад ідэі дыяспары трэба адмовіцца ці, прынамсі, перагледзець яе»
— Дзе, па-вашаму, ствараецца сёньня беларуская культура? У эміграцыі ці на радзіме?
— Я ўпэўненая, што нам важна засяродзіцца не на падзеле паміж тымі, хто ў эміграцыі, і тымі, хто на радзіме, але на сувязях паміж намі, на тым агульным, што маем. Таму і ад ідэі дыяспары, на маю думку, трэба адмовіцца ці, прынамсі, перагледзець яе. У сытуацыі, калі дзяржава фактычна перастае існаваць, калі яе функцыянаваньне зводзіцца збольшага да ажыцьцяўленьня нагляду і пакараньня, адказнасьць за будучыню Беларусі — а яна немагчымая без культуры — зьяўляецца адказнасьцю кожнай ці кожнага з нас, няважна, дзе яна ці ён сёньня знаходзяцца: у Беларусі ці за яе межамі.