Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Поўнач Ізраілю абстралялі ракетамі з тэрыторыі Лібану


Лібанска-ізраільская мяжа
Лібанска-ізраільская мяжа

Поўнач Ізраілю ў чацьвер была абстраляная ракетамі з тэрыторыі Лібану. Усяго было выпушчана каля 30 ракет.

Паводле ізраільскіх СМІ, у горадзе Кір’ят-Шмана непадалёк ад мяжы зь Лібанам ракета трапіла ў дзевяціпавярховы жылы дом. Ёсьць інфармацыя пра двух пацярпелых.

Ізраільскія вайскоўцы паведамілі, што вядуць агонь у адказ.

Адказнасьць за абстрэл узяла на сябе лібанская філія палестынскай радыкальнай групоўкі ХАМАС. Напад гэтай групоўкі на Ізраіль 7 кастрычніка, ахвярамі якога сталі больш за 1400 чалавек, прывёў да цяперашняга рэзкага абвастрэньня канфлікту. ХАМАС кантралюе паласу Газа, адкуль тэрыторыя Ізраілю таксама рэгулярна абстрэльваецца. Ізраіль, у сваю чаргу, наносіць удары па Газе. Паводле зьвестак палестынскага боку, у Газе колькасьць загінулых набліжаецца да чатырох тысяч.

Поўдзень Лібану кантралюе яшчэ адна радыкальная антыізраільская групоўка — «Хэзбала». Яна таксама ў апошнія дні рэгулярна абстрэльвае Ізраіль, аднак не заяўляла пра шырокамаштабнае ўступленьне ў вайну. Пры гэтым «Хэзбала» заявіла, што пры ізраільскіх абстрэлах загінулі прынамсі 13 яе чальцоў. Сярод ізраільскіх вайскоўцаў таксама ёсьць страты.

У сувязі з сытуацыі ў Лібане шэраг заходніх дзяржаваў, уключаючы ЗША, Вялікую Брытанію і Нямеччыну, заклікалі сваіх грамадзянаў неадкладна пакінуць гэтую краіну.

Таксама ў чацьвер паведамлялася пра сутыкненьні ў лягеры палестынскіх уцекачоў Нур Шамс на Заходнім беразе ракі Ярдан. Ізраільскія вайскоўцы ўступілі ў перастрэлку з узброенымі людзьмі — паводле паведамленьняў, гаворка таксама ідзе пра баевікоў ХАМАС. Паводле дадзеных палестынскага Чырвонага Паўмесяца, былі забітыя 8 палестынцаў. Не ўдакладняецца, ці ідзе гаворка пра байцоў узброеных груповак або цывільных асобаў.

Ізраіль працягвае ў Газе ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы», але абяцаная наземная апэрацыя супраць радыкальных груповак пакуль не распачатая. Агенцтва Reuters паведамляе, што Ізраіль гатовы да жорсткіх баявых дзеяньняў, але ўлады краіны пакуль ня маюць уяўленьня аб тым, што рабіць пасьля заканчэньня вайны з паласой Газа, якую ХАМАС кантралюе з 2007 году.

Вайна Ізраілю з ХАМАСам. Асноўнае

  • 7 кастрычніка 2023 году Ізраіль зазнаў ракетнага ўдару з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня меней за 260 удзельнікаў музычнага фэсту і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
  • Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
  • Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
  • ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
  • Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАСу. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
  • Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка 2023 году — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
  • 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
  • Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
  • Лібанская ўзброеная групоўка «Хезбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
  • Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
  • Ізраіль у лістападзе 2023 году пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
  • 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне ад замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
  • За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
  • 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач Газы зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.

    «Хэзбала» выпусьціла ракеты па Ізраілі на наступны дзень пасьля нападу ХАМАС, у кастрычніку 2023 году. З таго часу абстрэлы на мяжы адбываюцца амаль штодня. Дзясяткі тысяч жыхароў эвакуавалі з прымежных раёнаў з абодвух бакоў.

    «Хэзбала» — ваенізаваная групоўка і палітычная партыя, якая кантралюе значную частку паўднёвага Лібану. Злучаныя Штаты лічаць яе тэрарыстычнай арганізацыяй. Эўрапейскі Зьвяз унёс у свой сьпіс такіх арганізацыяў толькі яе ўзброенае крыло, але не палітычную партыю (партыя «Хэзбалы» прадстаўлена ў парлямэнце Лібану). «Хэзбала» таксама ёсьць часткаю так званай іранскай «восі супраціву» — сеткі іранскіх давераных асобаў і падтрыманых Тэгеранам групаў баевікоў, якія выступаюць супраць Ізраілю і ЗША.
  • Увосень 2024 году рэзка вырасла супрацьстаяньне на ізраільска-лібанскай мяжы. «Хэзбала» атакавала Ізраіль, а ў Тэль-Авіве вырашылі правесьці сэрыю авіяналётаў, каб зьнішчыць атакавальны патэнцыял «Хэзбалы».
  • 23 верасьня Ізраіль распачаў першую з 2006 году наземную апэрацыю на поўдні Лібану, калі пачалася Другая лібанская вайна (Ліпеньская вайна). Апэрацыю назвалі «Стрэлы поўначы».
  • 27 верасьня Ізраіль нанёс магутныя ўдары па Лібане і забіў лідэра «Хэзбалы» Хасана Насралу.
  • 3 кастрычніка Армія абароны Ізраілю паведаміла пра атаку на аб’екты «Хэзбалы» ў Бэйруце.

    Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG