Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выведка ЗША: пры выбуху ў лякарні ў Газе загінулі ад 100 да 300 чалавек


Месца выбуху каля шпіталя ў сэктары Газа
Месца выбуху каля шпіталя ў сэктары Газа

Выведка ЗША на падставе наяўных у яе дадзеных лічыць, што Ізраіль не нясе адказнасьці за выбух на тэрыторыі лякарні «Аль-Ахлі» ў сэктары Газа ўвечары ў аўторак. Пра гэта паведамляе CNN са спасылкай на незасакрэчаныя дакумэнты выведкі, якія апынуліся ў распараджэньні тэлеканала.

На аснове свайго аналізу выведка ЗША ацэньвае колькасьць ахвяр выбуху ў дыяпазоне ад 100 да 300 чалавек. Агенцтва France Presse са спасылкай на высокапастаўленую крыніцу ў выведцы адной з краінаў ЭЗ называла іншую ацэнку — ня больш за 50 загінулых. Міністэрства аховы здароўя Газы, падкантрольнае радыкальнай групоўцы ХАМАС, заяўляла аб гібелі больш за 450 чалавек.

Па дадзеных выведкі ЗША, будынкам лякарні была нанесеная толькі нязначная шкода, таксама не былі выяўленыя кратэры, характэрныя для ракетнага ўдару. Пры гэтым выведка ЗША заявіла, што дасьледуе вэрсію, выказаную Ізраілем, што прычынай выбуху стала адхіленьне ад курсу ракеты, запушчанай па Ізраілі палестынскай групоўкай «Ісламскі джыгад». Раней Ізраіль апублікаваў шэраг доказаў у падтрымку гэтай вэрсіі.

ХАМАС, улады Палестынскай аўтаноміі і шэраг краінаў Блізкага Усходу і арабскага сьвету абвінавацілі Ізраіль ва ўдары па лякарні. У шэрагу краінаў прайшлі антыізраільскія дэманстрацыі. Некаторыя краіны, у прыватнасьці Расея, прама не абвінавачваючы Ізраіль, не пагадзіліся і з ізраільскай вэрсіяй здарэньня і запатрабавалі міжнароднага расьсьледаваньня.

Лідэр дэмакратычнай меншасьці ў Палаце прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША Хакім Джэфрыс заявіў, што дадзеныя, якія былі яму прадстаўленыя на брыфінгу «высокага ўзроўню», сьведчаць аб тым, што прычынай выбуху быў не ізраільскі ўдар, а ракета «Ісламскага джыгаду». Аб тым жа заявіў прадстаўнік Дзярждэпартамэнту. Напярэдадні аб верагоднай недатычнасьці Ізраіля да выбуху заявіў падчас візыту ў краіну прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн.

  • 7 кастрычніка ўзброеныя атрады ХАМАС з сэктару Газа напалі на паўднёвыя раёны Ізраілю. Ахвярамі нападу сталі больш за 1400 чалавек, больш за 200, паводле апошніх зьвестак, былі ўзяты ў закладнікі. Ізраіль пачаў наносіць авіяўдары па сэктары ў адказ, заяўляецца аб падрыхтоўцы да наземнай апэрацыі з мэтай разгрому ХАМАС. Па дадзеных палестынскага боку, у Газе загінулі ўжо больш за 3 тысячы чалавек.
  • ААН і розныя міжнародныя арганізацыі і дзяржавы выказваюць засьцярогі ў сувязі з гуманітарнай сытуацыяй у Газе, якая пагаршаецца. Сэктар зараз фактычна знаходзіцца ў блякадзе. У выніку перамоваў з удзелам ААН, Эгіпта і Ізраіля была дасягнутая дамоўленасьць адносна таго, што пад наглядам інспэктараў ААН у сэктар з тэрыторыі Эгіпта будзе дастаўляцца гуманітарная дапамога. Чакаецца, што яе дастаўка можа пачацца 20 кастрычніка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG