Мэр горада Каламыя Івана-Франкоўскай вобласьці Багдан Станіслаўскі паведаміў, што 21 кастрычніка на Алеі славы каламыйскіх могілак пахаваюць беларускага добраахвотніка, які ў шэрагах палка імя Кастуся Каліноўскага абараняў Украіну.
«7 кастрычніка гераічна загінуў вайсковец з пазыўным „Бахус“. Ён беларускі ваяр, які мужна абараняў свабоду і незалежнасьць Украіны, служыў у палку імя Кастуся Каліноўскага», — напісаў Багдан Станіслаўскі на сваёй старонцы ў Facebook.
Мэр Каламыі падкрэсьліў, што для мясцовых жыхароў гібель кожнага абаронцы Ўкраіны зьяўляецца вялікім болем. «Таму ад імя каламійскай грамады выказваю спачуваньні сваякам і блізкім у сувязі зь цяжкай стратай», — дадаў ён і заклікаў усіх гараджан прыйсьці на разьвітаньне зь беларускім героем.
У дзень пахаваньня беларуса ў Каламыі абвясьцілі дзень жалобы.
Полк Кастуся Каліноўскага афіцыйна не паведамляў аб загінулых 7 кастрычніка. Розныя выданьні паведамлялі, што ў ноч з 6 на 7 кастрычніка на бахмуцкім кірунку загінулі беларусы. Яны пачыналі служыць у батальёне «Волат», але потым выйшлі з палка Каліноўскага і далучыліся да іншай ваенізаванай структуры. Беларусы загінулі ад разрываньня снараду каля машыны, у якой яны ехалі. Сваякам аб іхнай гібелі паведамілі.
За час вайны ва Ўкраіне загінулі сама меней 35 беларускіх добраахвотнікаў, а з 2014 году — больш за 40.