Міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу заявіў, што Расея разам зь Беларусьсю ўмацоўвае «заходнія рубяжы» з прычыны інтэнсіўнага ўзбраеньня Ўкраіны і імавернага стварэньня ўдарных баз NATO у Фінляндыі.
«Абараняючы нацыяналістычны кіеўскі рэжым, калектыўны Захад разьвязаў супраць Расеі гібрыдную вайну ў ваенна-палітычнай, прававой, эканамічнай і гуманітарнай сфэрах», — заявіў Сяргей Шайгу ў Маскве на пасяджэньні супольнай калегіі міністэрстваў абароны Беларусі і Расеі.
Паводле яго, для ўмацаваньня «заходніх рубяжоў» створана і эфэктыўна функцыянуе рэгіянальная групоўка войскаў, адзіная рэгіянальная сыстэма СПА, адбываецца супраца і каапэрацыя абаронна-прамысловых комплексаў краін, праводзяцца супольныя вучэньні, створаны навучальна-баявыя цэнтры.
Сяргей Шайгу паведаміў, што на супольнай калегіі разгледзелі пытаньні «ўмацаваньня адзінай абароннай прасторы з улікам досьведу спэцыяльнай ваеннай апэрацыі».
У сваю чаргу міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін падзякаваў Шайгу за перадачу Беларусі «сучасных узораў узбраеньня і вайсковай тэхнікі», што дазволіла павялічыць баявы патэнцыял беларускай арміі.
Ён таксама адзначыў, што вынікам «беспрэцэдэнтнага ціску калектыўнага Захаду на саюзную дзяржаву» стала павелічэньне «абароннага патэнцыялу ваеннай арганізацыі дзяржавы», а да пералічаных Шайгу «дасягненьняў» ён дадаў яшчэ і разьмяшчэньне ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі.
«Новым напрамкам нашага ўзаемадзеяньня зьяўляецца аказаньне Расейскай Фэдэрацыяй вайскова-тэхнічнай дапамогі Рэспубліцы Беларусь. У яго рамках зараз вядзецца работа, у тым ліку па арганізацыі рамонту тэхнікі Ўзброеных сіл Рэспублікі Беларусь на прадпрыемствах расейскага АПК», — паведаміў Віктар Хрэнін.
Як паведаміла прэсавая служба Міністэрства абароны Беларусі ў тэлеграм-канале, па выніках пасяджэньня Сяргей Шайгу і Віктар Хрэнін падпісалі плян супрацы між міністэрствамі абароны Беларусі і Расеі на 2024 год, а таксама плян працы супольнай калегіі абаронных ведамстваў.