Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Была маленькая, а цяпер зусім схуднела». Адвакатку Юргілевіч і журналіста Мажэйку адпраўляюць «на этап»


Юлія Юргілевіч і Павал Мажэйка, каляж
Юлія Юргілевіч і Павал Мажэйка, каляж

17 кастрычніка Вярхоўны суд Беларусі не задаволіў скаргу журналіста з Горадні Паўла Мажэйкі і горадзенскай адвакаткі Юліі Юргілевіч на вырак, вынесены ім Горадзенскім абласным судом за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці».

Тэрмін у 6 гадоў зьняволеньня для абаіх застаўся нязьменным. Дзе будуць адбываць пакараньне асуджаныя, пакуль не вядома.

Паводле крыніцы, знаёмай з сваякамі асуджанага журналіста Паўла Мажэйкі, ён ад пачатку ня верыў у адмену прысуду і загадзя пачаў рыхтавацца да этапаваньня ў калёнію.

«Рыхтуецца да этапу. Яму перадалі цёплую вопратку, тэрмабялізну, электрабрытву. Схуднеў, але кажа, што пачуваецца добра», — расказалі пра Паўла Мажэйку. Напярэдадні этапаваньня ў калёнію ў Паўла застаецца нявырашанай праблема зь лекамі.

«Мэдыцынскай перадачы яму так і не прынялі. І дыягназы перадавалі, і ён пісаў патрэбную заяву, але безвынікова. Невядома, чаму», — кажа крыніца пра лёс мэдыцынскай бандэролі для Паўла Мажэйкі, якая зь верасьня ня можа да яго трапіць.

Пра адвакатку Юлію Юргілевіч, якую асудзілі разам з Паўлам Мажэйкам, зьвестак яшчэ менш. Паводле праваабаронцаў з «Вясны», падчас сьледзтва адвакатка казала, што яе трымаюць «ў быдлячых умовах» і не даюць азнаёміцца са справай. У зьняволеньні Юлія Юргілевіч была ўганараваная міжнароднай прэміяй Людовіка Тэр’е ў галіне правоў чалавека.

«Яна моцна схуднела. І так была маленькая, а цяпер зусім схуднела», — сказала крыніца пра стан Юліі Юргілевіч напярэдадні разгляду апэляцыі.

Паўла Мажэйку і Юлію Юргілевіч арыштавалі 30 жніўня 2022 году. Працэс над імі праходзіў з 10 ліпеня 2023 году ў горадзенскім абласным судзе ў адкрытым рэжыме пад старшынствам судзьдзі Максіма Філатава. Па выніках разгляду справы Юліі Юргілевіч прысудзілі 6 гадоў зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму, Паўлу Мажэйку — 6 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Беларускія праваабаронцы прызналі Юлію Юргілевіч і Паўла Мажэйку палітвязьнямі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG