У ранішняй зводцы Генштабу Ўзброеных сіл Украіны за 14 кастрычніка гэтыя спробы назвалі беспасьпяховымі.
У горадзе, разьмешчаным ля самай лініі фронту, паводле апошніх ацэнак украінскіх уладаў, застаецца каля 1600 мірных жыхароў. Цяпер іх эвакуацыя з прычыны абстрэлаў немагчымая. За мінулы дзень быў паранены адзін жыхар Аўдзееўкі.
Кіраўнік гарадзкой ваеннай адміністрацыі Віталь Барабаш у эфіры Ўкраінскага радыё выказаў меркаваньне, што актывізацыя расейскіх вайскоўцаў пад Аўдзееўкай зьвязаная з тым, што ім паставілі задачу выйсьці да 31 сьнежня на адміністрацыйныя межы Данецкай вобласьці (расейскія ўлады лічаць яе расейскай тэрыторыяй). «Яны разумеюць: калі ўзяць вышыню Аўдзееўкі, то далей ужо ім будзе прасьцей дайсьці да Пакроўска, і гэтак далей. Таму Аўдзееўка для іх вельмі важная», — сказаў Барабаш.
Як адзначае ваенны карэспандэнт ВВС Павал Аксёнаў, Аўдзееўка — «цэнтар вялікага выступу, які ўдаецца ў расейскую абарону, і зрэзаць яго — вялікая спакуса для расейскага камандаваньня, бо гэта дазволіла б адсунуць лінію фронту ад Данецку, але яшчэ важней для расейскіх сіл адцягнуць украінскіх вайскоўцаў ад іншых раёнаў — ад наступу ў Запароскай вобласьці і ў раёне Бахмута».
Мінабароны Расеі, як і расейскія так званыя «ваенныя карэспандэнты», вельмі скупа асьвятляюць апошні наступ на Аўдзееўку. Шэраг пракрамлёўскіх блогераў пішуць, што расейскім вайскоўцам удалося прасунуцца наперад, іншыя адзначаюць, што наступ ідзе цяжка і марудна.
Прадстаўнік Рады нацыянальнай бясьпекі ЗША Джон Кірбі напярэдадні заявіў, што посьпехі расейскіх вайскоўцаў у наступе на Данбасе, нават калі яны і ёсьць, выглядаюць «цалкам мізэрнымі», пры гэтым Расея нясе вялікія страты, «кідаючы масу дрэнна навучаных салдат на полі бою». Да высновы аб тым, што расейскім вайскоўцам пакуль не ўдалося дабіцца посьпеху, прыйшоў і амэрыканскі інстытут вывучэньня вайны (ISW) на аснове аналізу адкрытых крыніц.
За мінулыя суткі ў выніку абстрэлаў з боку расейскіх войскаў ёсьць забітыя і параненыя сярод мірных жыхароў Украіны. у Данецкай вобласьці ў сяле Багатыр, разьмешчаным далёка ад фронту, у выніку, як сьцьвярджаецца, абстрэлу з РСЗА «Сьмерч» загінуў 11-гадовы хлопчык. У горадзе Пакроўск у Данецкай вобласьці былі параненыя больш за 20 чалавек. У Херсонскай вобласьці ў горадзе Берыслаў пад абстрэл патрапіў прыватны жылы дом, загінула жанчына.