У Берасьці асудзілі майстра цеплавых сетак
У судзе Маскоўскага раёну Берасьця 6 кастрычніка завяршыўся судовы працэс над 45-гадовым майстрам цеплавых сетак Аляксандрам Доўгалем. Яго абвінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК) і абразе Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК), паведамляе «Вясна».
Судовае пасяджэньне вяла судзьдзя Марына Скалковіч, вядомая шматлікімі прысудамі ў «справе карагодаў».
Аляксандра Доўгаля затрымалі за камэнтары ў сацыяльных сетках у красавіку 2023 года і да суду зьмясьцілі ў СІЗА № 7 Берасьця. Як стала вядома «Берасьцейскай вясьне», паводле вэрсіі абвінавачваньня, 23 жніўня 2021 года Доўгаль напісаў камэнтар пра прэм’ер-міністра Рамана Галоўчанку. Камэнтар быў пад навіной канала «Беларусь головного мозга». У камэнтары гаварылася пра тое, што Галоўчанка з расейскім прэм'ерам Мішусьціным «абмяркоўвалі інтэграцыйныя дакумэнты».
Паведамленьне Доўгаля расцанілі паводле арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады). Абвінавачаньне запрасіла па гэтым эпізодзе адзін год калёніі і штраф у памеры 50 б.а.
Яшчэ адно паведамленьне было напісана ў кастрычніку 2021 у тэлеграм-чаце «Лухтовикинги». Там абвінавачваньне ўбачыла абразу Лукашэнкі, і пракурор прасіў яшчэ год калёніі паводле ч. 1 арт. 368 КК.
Сумарна па двух артыкулах пракурор прапанаваў прысудзіць Доўгалю паўтара года пазбаўленьня волі ў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Прысуд праваабаронцам пакуль невядомы.
Затрымалі экскурсавода Алега Дзьячкова
Паводле інфармацыі, атрыманай «Нашай Нівай», магілёўскага экскурсавода і актывіста Алега Дзьячкова затрымалі раніцай 9 кастрычніка ў ягонай кватэры, дзе правялі вобшук. У выніку Дзьячкоў атрымаў 10 дзён адміністрацыйнага арышту.
Экскурсавода, краязнаўцу і былога кіраўніка гарадзкой суполкі Таварыства беларускай мовы ўжо арыштоўвалі ў жніўні 2021 году на 15 дзён за рэпост матэрыялаў «Белсату», прызнаных рэжымам Лукашэнкі «экстрэмісцкімі».
Што стала падставай для цяперашняга арышту, не паведамляецца.
Асуджанага на 7 гадоў калёніі пэнсіянэра будуць судзіць сёмы раз
71-гадовага пэнсіянэра Васіля Дземідовіча будуць судзіць сёмы раз. Яго абвінавачваюць у абразе прадстаўніка ўлады і абразе Лукашэнкі. Справу будзе разглядаць суд Старадароскага раёну 19 кастрычніка, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».
У верасьні 2022 году Дземідовіча прыгаварылі да 6 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму і штрафу ў памеры 1600 рублёў. Яго прызналі вінаватым у арганізацыі масавых беспарадкаў, абразе Лукашэнкі, абразе прадстаўніка ўлады, абразе судзьдзі.
Пазьней пэнсіянэру дадалі яшчэ паўгода па новай справе аб абразе прадстаўніка ўлады.
У траўні гэтага году Дземідовіч атрымаў 2,5 года паводле абвінавачаньня ў абразе прадстаўніка ўлады і судзьдзі. Шляхам частковага складаньня агульны тэрмін пакараньня склаў 7 гадоў.
Вынікі апошніх двух судоў над Дземідовічам невядомыя.
У Горадзенскі дзяржаўны каледж мастацтваў прыйшлі сілавікі
Як стала вядома «Нашай Ніве», у Горадзенскім дзяржаўным каледжы мастацтваў учорашняя раніца пачалася зь візыту сілавікоў.
Паводле інфармацыі крыніцы, некаторых супрацоўнікаў каледжа выклікалі да кіраўніцтва на размову зь сілавікамі ў цывільным, бралі на праверку мабільныя тэлефоны, шукалі «няправільныя» падпіскі. Таксама на «гутарку» выклікалі некаторых студэнтаў каледжа.
Паводле суразмоўцы, інфармацыя пра візыт людзей у пагонах хутка разышлася па ўстанове, таму людзі пачалі тэрмінова вычышчаць тэлефоны, выходзіць з чатаў і адпісвацца ад усяго, што можа выклікаць падазрэньні пры праверцы.
Ці завялі пасьля праверак нейкія адміністрацыйныя або крымінальныя справы ў дачыненьні да супрацоўнікаў ці вучняў каледжа — дакладна не вядома.