Лінкі ўнівэрсальнага доступу

 Запытайся ў Дубаўца. Што агульнага ў ХАМАС з рэжымам Лукашэнкі і ці актуальны для Беларусі і Расеі суд над камунізмам


25 гадоў на Радыё Свабода Сяргей Дубавец знаходзіць сэнсы беларускага жыцьця і адказвае на вашы пытаньні.

— Ці актуальны для Беларусі і Расеі суд над камунізмам?

— Для Беларусі так. Рэжым Лукашэнкі дасягнуў таго таталітарнага стану, што ні матывамі, ні рэпрэсіямі не адрозьніваецца ад сталінскага — гэта вайна з іншадумствам і самабытнасьцю беларускага народу. Па сутнасьці тая самая, расейская зьява. Таму раней ці пазьней мусіць адбыцца суд над сталінізмам-лукашызмам. Калі яго ня будзе, у гэтай пары зьявіцца і трэцяе прозьвішча... Беларусы ведалі ў сваёй гісторыі сваю нармальную ўладу, да якой можна будзе вярнуцца.

Што да Расеі, дык там такі суд асабіста мне не ўяўляецца магчымым, бо вяртацца папросту няма куды.

— Чаму вы агітуеце за лацінку, а самі ёй не карыстаецеся?

— Карыстаюся спарадычна, каб ня множыць варыянтнасьць, якая ў нашых умовах больш падзяляе, чым аб’ядноўвае. Лічу, што лацінка будзе наймацнейшай абаронай беларускай дэмакратычнай супольнасьці ад агрэсіўнай русыфікацыі.

Увогуле выбар правапісу — справа дзяржаўнага ўзроўню. Трэба правесьці прадстаўнічую правапісную канфэрэнцыю, па выніках якой рашэньне можа прыняць урад у выгнаньні. Пагатоў урад у Менску ня мае на тое ні волі, ні кампэтэнцыі. У адрозьненьне ад тых, хто сёньня апынуўся ў вымушанай эміграцыі.

— Цяпер кажуць пра акупацыю. А БССР не была акупацыяй?

— Беларусь ня мела сваёй дзяржаўнасьці хоць нейкі працяглы час, каб пасьпела сфармавацца выразнае агульнае ўяўленьне — што такое свая дзяржава. Затое сфармавалася ілюзія, што БССР (СССР) і ёсьць свая дзяржава. «Ну былі ж мы там маладыя і шчасьлівыя!»

Сёньня гэтая ілюзія замінае сфармаваць уяўленьне, якой можа быць Беларусь. Хоць прыклад суседзяў паказвае, чаго каштуе Ўкраіне адна дзяржаўная мова. А ўявіце сабе дзьве дзяржаўныя мовы ў краінах Балтыі? Не было б ужо гэтых краін. Выснова: афіцыйнае дзьвюхмоўе ў нашым геапалітычным кутку — гэта і ёсьць знак акупацыі.

— Што агульнага ў ХАМАС з рэжымам Лукашэнкі?

— Падобныя мэтады і мэты. Мэта палестынскіх тэрарыстаў — зьнішчыць габрэяў і Ізраіль. Мэта Лукашэнкі — зьнішчыць усё беларускае, у тым ліку незалежнасьць.

Ці магчыма ўявіць сабе, каб ізраільскія ўлады за вокліч «Жыве Ізраіль!» саджалі грамадзян Ізраілю ў турмы і забівалі? Не, бо Ізраіль — свая краіна для сваіх грамадзян. А хто так робіць? Лукашэнка і ХАМАС. То бок Лукашэнка па сутнасьці — гэта і ёсьць ХАМАС, які б захапіў уладу ў Ізраілі.

— Ці пераможа штучны інтэлект чалавека?

— Калі глядзець па-філязофску, дык першы штучны і ёсьць інтэлект чалавека. Бо ўсё, да чаго дадумаўся чалавек, ён так ці інакш падгледзеў у прыроды, нічога новага, «ад сябе» не дадаўшы. Гэтаксама і машына, якая выйшла на авансцэну, ніколі не прыдумае нічога, чаго б ня ведаў чалавек ці чаго б не было ў прыродзе.

Ёсьць межы пазнаньня, рассунуць якія можа хіба што Бог, які стварыў і прыроду, і чалавека. Каб быць фізычна пераможаным, чалавек мусіць перадаць штучнаму інтэлекту навыкі вайны. Але гэта ўжо не пра інтэлект.

— Калі праваабаронцу Насту Лойку ўключаюць у «сьпіс тэрарыстаў» — як гэта называецца?

— Па-першае, усе разумеюць, што Наста па вызначэньні ня можа быць тэрарысткай. Але асоба не разглядаецца.

Па-другое, ніякіх доказаў гэтага «тэрарызму» не прыводзіцца. Таму ён тут толькі для абразы. У прастамоўі кажуць: каб нагадзіць. Такая «палітыка».

Памятаю, у пачатку свайго праўленьня Лукашэнка за нешта «наехаў» на Літву і прапанаваў адкіды зь беларускіх сьвінафэрмаў спускаць у Нёман. Каб плылі да суседзяў. То бок у самым літаральным сэнсе — нагадзіць. Іншага тлумачэньня гэтага «тэрарызму» няма.

— Кажуць, у беларусаў высокі ўзровень IQ? Гледзячы на чыноўнікаў, гэтага ня скажаш...

— Маем, напрыклад, цэлую плеяду сваіх дасьледнікаў Сібіру, Далёкага Ўсходу, Манголіі... Гэта ўдзельнікі антырасейскіх паўстаньняў ХІХ ст., высланыя ўглыб Расеі. Сваё пакараньне яны ператваралі ў набыткі для навукі і культуры.

Рэжымы мала адрозьніваліся міжсобку: што ў мураўёўскія, што ў сталінскія часы, што цяпер. На жаль, інтэлект беларусаў нячаста рэалізоўваўся ў самой Беларусі. Бо ўлада ніколі не хацела выглядаць на іх тле, мякка кажучы, тупаватай. Затое за межамі гэты інтэлект даваў плён для ўсяго сьвету.

Думкі, выказаныя ў аўтарскіх рубрыках, перадаюць погляды аўтараў і не адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Задайце ваша пытаньне. Telegram: @SvabodaBelarus; Signal: +37068643669

ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА:

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG