Гомельскага журналіста Андрэя Толчына вінавацяць у шкодзе інтарэсам нацыянальнай бясьпекі. Журналіста затрымалі два тыдні таму і асудзілі на трое сутак, але на волю ён ня выйшаў.
Андрэя Толчына абвінавачваюць паводле арт. 361-1 Крымінальнага кодэксу — «Заклікі да дзеяньняў, накіраваных на нанясеньне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь», піша БАЖ.
Санкцыі паводле артыкула — да трох гадоў пазбаўленьня волі. Калі будзе прызнана, што такія дзеяньні ўчыненыя з выкарыстаньнем СМІ альбо інтэрнэту, то пакараньне можа быць да пяці гадоў няволі.
Былы журналіст з Гомля Андрэй Толчын ня выйшаў на волю з ізалятара часовага ўтрыманьня пасьля заканчэньня 72-гадзіннага тэрміну затрыманьня.
Паводле інфармацыі праваабарончага сайту «Гомельская Вясна», яго зьмясьцілі ў сьледчы ізалятар № 3 у абласным цэнтры.
Праваабаронцы паведамілі пра затрыманьне Толчына 27 верасьня, але сутнасьць выстаўленых яму прэтэнзій невядомая.
Пасьля падзеяў 2020 году Толчын пакінуў прафэсію.