Менскі гарадзкі суд прызначыў Касьцюговай пакараньне ў 10 гадоў зьняволеньня, Вярхоўны суд пакінуў вырак у сіле.
«У кастрычніку ў яе ня будзе тэлефанаваньня і кароткага спатканьня, але настрой збольшага бадзёры», — паведаміў пра Валерыю Касьцюгову яе сябра і калега, палітоляг Вадзім Мажэйка.
Паводле крыніцы, на якую спасылаецца Вадзім Мажэйка, абмежаваньні ўвялі таму, што Валерыя Касьцюгова ўнесеная ў сьпіс тэрарыстаў.
«Была шчасьлівая, што пабачыла зоркі і месяц, рада флёры і фаўне, асабліва вялікай колькасьці катоў», — так, паводле Мажэйкі, палітзьняволеная расказвала сваякам пра першыя ўражаньні ад калёніі.
Вадзіму Мажэйку вядома, што пакуль Валерыя была ў карантыне, ёй даводзілася мыць посуд, цяпер жа яна працуе на швейнай вытворчасьці.
«Казала, што вучыцца шыць і потым на волі будзе шыць дачцэ „прыгожыя рэчы“. Успамінала сваю маці, якая ўмела добра шыць. На тое, што працаваць цяжка, ня скардзілася. Валерыя ўвогуле ня з тых, хто будзе скардзіцца», — расказаў сябра Валерыі Касьцюговай.
Сябры ўспамінаюць цытату зь ліста, які ў зьняволеньні адправіла Валерыя Касьцюгова сваёй дачцэ Анастасіі: «Аптымізм — гэта не пра тое, што ўсё будзе добра, а пра тое, што, як бы ні было, мы гэтаму дамо рады».
Вадзім Мажэйка нагадаў, што Валерыя Касьцюгова была рэдактарам і аўтарам «Беларускага штогодніка» — зборніка аналітычных артыкулаў аб праблемах разьвіцьця Беларусі.
«Яна 20 гадоў рэдагавала штогоднік, але, як трапіла за краты, праект не спыніўся. Нядаўна на Кангрэсе дасьледчыкаў Беларусі, які прайшоў у Гданьску, мы прэзэнтавалі выпуск штогодніка за 2023 год. Справа, якой займалася Валерыя, працягваецца і чакае яе на волі», — сказаў палітоляг Вадзім Мажэйка, цяперашні рэдактар зборніка.
Валерыю Касьцюгову асудзілі на 10 гадоў зьняволеньня ў сакавіку 2023 году. Судзьдзя менскага гарадзкога суду Дзіна Кучук прызнала Валерыю Касьцюгову вінаватай паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: у пасобніцтве дзеяньням з мэтай захопу ўлады (арт. 357, ч. 1 КК), у закліку да дзеяньняў, скіраваных на нанясеньне шкоды нацыянальнай бясьпецы (арт. 362, ч. 3) і ў распальваньні сацыяльнай варожасьці і звады (арт. 130, ч. 3).
Беларускія праваабаронцы прызналі палітоляга Валерыю Касьцюгову палітычнай зьняволенай.