Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Высланы з Баўгарыі беларускі сьвятар Павяльчук атрымаў падзяку ад РПЦ


Ілюстрацыйнае фота. Царква Сьвятога Мікалая Цудатворца ў Сафіі, Баўгарыя
Ілюстрацыйнае фота. Царква Сьвятога Мікалая Цудатворца ў Сафіі, Баўгарыя

Расейская праваслаўная царква вызначылася, што рабіць з высланымі з Баўгарыі сьвятарамі.

Грамадзяніна Беларусі протаярэя Яўгена Павяльчука вызвалілі ад пасады сакратара падвор’я РПЦ у Сафіі і накіравалі ў распараджэньне мітрапаліта Менскага і Заслаўскага Веньяміна.

Яму таксама вынесьлі падзяку за працу. Такое рашэньне ўхвалілі 11 кастрычніка на пасяджэньні Сьвятога Сыноду РПЦ, паведамляе сайт Маскоўскага патрыярхату.

Грамадзянін Расеі архімандрыт Васіян (Мікалай Зьмееў) вызвалены ад пасады настаяцеля падвор’я ў Сафіі і прызначаны начальнікам Расейскай духоўнай місіі ў Ерусаліме. Яму таксама вынесьлі падзяку.

Акрамя гэтага, Сынод РПЦ выказаў «катэгарычны пратэст у сувязі з грубымі і дыскрымінацыйнымі дзеяньнямі баўгарскіх улад», якія выслалі з Баўгарыі Павельчука, Зьмеева і яшчэ аднаго грамадзяніна Беларусі Ўладзіміра Банько.

21 верасьня царкоўных служак выслалі з Баўгарыі на загад кіраўніка Дзяржаўнага агенцтва нацыянальнай бясьпекі. Іх пазбавілі права на ўезд і пражываньне ў Баўгарыі на тэрмін 5 гадоў.

Дзяржаўнае агенцтва нацыянальнай бясьпекі Баўгарыі патлумачылі рашэньне тым, што сьвятары вялі дзейнасьць, накіраваную супраць нацыянальнай бясьпекі Баўгарыі. Агенцтва сьцьвярджае, што ў дачыненьні да гэтых асобаў былі атрыманыя дадзеныя пра дзеяньні, зьвязаныя з рэалізацыяй розных элемэнтаў гібрыднай стратэгіі Расейскай Фэдэрацыі ў мэтанакіраваным узьдзеяньні на грамадзка-палітычныя працэсы ў Рэспубліцы Баўгарыя на карысьць расейскіх геапалітычных інтарэсаў.

На сайце Беларускай праваслаўнай царквы ня згадваецца аб высылцы з Баўгарыі Павельчука. Амбасада Беларусі ў Баўгарыі і беларускае МЗС таксама не рэагавалі на інцыдэнт публічна. У той жа час прадстаўнікі расейскага МЗС і пасольства выступалі з камэнтарамі ў сувязі з высыланьнем, МЗС РФ выказаў пратэст паслу Баўгарыі.

Павяльчук стаў вядомы ў Беларусі тым, што супрацоўнічаў з прарасейскімі актывістамі з арганізацыі «Казацкі Спас». У Горадзенскай дыяцэзіі адказваў за супрацоўніцтва з вайсковымі структурамі і зьяўляўся заснавальнікам вайскова-патрыятычных клюбаў «Славяне» і «Дружына».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG