Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Рэпартэры бязь межаў» праводзяць акцыю да дня народзінаў Марыны Золатавай. Ціханоўская назвала яе «прыкладам для калегаў»


Галоўная рэдактарка сайту Tut.by Марына Золатава. Архіўнае фота.
Галоўная рэдактарка сайту Tut.by Марына Золатава. Архіўнае фота.

Міжнародная няўрадавая арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў» праводзіць акцыю «Паштоўкі для Марыны» ў падтрымку галоўнай рэдактаркі парталу TUT.BY Марыны Золатавай і ўсіх палітвязьняў- журналістаў.

У праекце ўзяла ўдзел лідэрка дэмакратычных сілаў Сьвятлана Ціханоўская. Яна запісала відэа для Золатавай, якое апублікавала прэс-служба палітыка.

«Ты выконвала найвышэйшыя стандарты журналістыкі і была прыкладам для калег, — сказала Ціханоўская. — Як бы цяжка ні было, ты знаходзіла выйсьце зь любой сытуацыі. Сёньня кожны твой дзень — гэта маратон. Маратон барацьбы за жыцьцё, за здароўе, за ўласную годнасьць. Але я не сумняваюся, што ты зможаш вытрымаць гэтае выпрабаваньне».

«Рэпартэры бязь межаў» праводзяць кампанію «Паштоўкі для Марыны» з 6 верасьня па 6 лістапада, паведамляе «Зеркало». Акцыя накіраваная на падтрымку Марыны Золатавай і ўсіх палітвязьняў-журналістаў, да яе можа далучыцца любы ахвочы.

Для гэтага трэба напісаць словы падтрымкі на электронны адрас postcardsformaryna@rsf.org. 6 лістапада, у дзень нараджэньня Марыны, «Рэпартэры бязь межаў» перададуць гэтыя пасланьні ў амбасады Беларусі ў некалькіх краінах.

Марыне Золатавай 45 гадоў. Яна нарадзілася ў Менску, скончыла ліцэй БДУ, філфак БДУ і асьпірантуру Інстытуту мовазнаўства. Дасканала ведае баўгарскую мову.

У журналістыку прыйшла ў 19 гадоў яшчэ студэнткай — спачатку на Радыё 101,2 FM, затым працавала ў інфармацыйным агенцтве БелаПАН. У 2004 годзе прыйшла на Tut.by — тады сайт быў агрэгатарам навінаў, туды быў патрэбны галоўны рэдактар. Дзякуючы шмат у чым Марыне Золатавай Tut.by стаў самым папулярным інтэрнэт-парталам краіны.

Галоўная рэдактарка Тut.by мае прэстыжныя журналісцкія прэміі: у 2018-м яна была «Чалавекам году» паводле вэрсіі «Нашай Нівы», мае прэмію «Гонар журналістыкі» імя Алеся Ліпая (2019 год), узнагароду «Reporter:innenpreis 2021», якую штогод уручае Форум рэпартэраў Нямеччыны.

Марыну Золатаву абвінавацілі паводле:

  • ч. 2 арт. 243 (ухіленьне ад выплаты сумаў падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры);
  • ч. 3 арт. 130 (распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасьці паводле прыкметы расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай ці іншай сацыяльнай прыналежнасьці, якое ўчынена групай асобаў або мела цяжкія наступствы);
  • ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеяньняў, скіраваных на нанясеньне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусі, учыненыя з выкарыстаньнем сродкаў масавай інфармацыі або глябальнай кампутарнай сеткі інтэрнэт).

17 сакавіка 2023 г. Менскі гарадзкі суд асудзіў Марыну Золатаву і генэральную дырэктарку «Тут Бай Медыа» Людмілу Чэкіну на 12 гадоў зьняволеньня.

31 ліпеня 2023 г. Вярхоўны Суд пакінуў вырак бязь зьменаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG