«Апэляцыйнаю пастановаю судовай калегіі ў крымінальных справах Вярхоўнага суду Рэспублікі Беларусі вырак Менскага гарадзкога суду ад 17 сакавіка 2023 году ў крымінальнай справе ў дачыненьні да Чэкінай Л.Ю. і Золатавай М.В. пакінуты бязь зьмены, а апэляцыйныя скаргі — без задавальненьня», — гаворыцца ў паведамленьні суду.
Такое ж рашэньне Вярхоўны суд вынес і для палітзьняволенай Валерыі Касьцюговай, асуджанай раней на 10 гадоў зьняволеньня.
Прысуды журналісткам уступілі ў сілу.
Пасьля разгляду апэляцыі Валерыя Касьцюгова мела кароткае спатканьне з мужам. Цяпер на пачатку жніўня яе павінны этапаваць у Гомель, піша «БАЖ». Паводле родных і сяброў, Валерыя не спадзявалася, што Вярхоўны суд задаволіць яе апэляцыйную скаргу. Але вырашыла аспрэчваць рашэньне суду першай інстанцыі, каб прадэманстраваць нязгоду з вынесеным прысудам.
Марына Золатава і Людміла Чэкіна — адзіныя фігуранты «справы TUT.BY», якія дагэтуль за кратамі. Яны прызнаныя палітвязьнямі. КДБ уключыў іх у сьпіс «асобаў, якія маюць дачыненьне да тэрарыстычнай дзейнасьці».
Суд вынес ім вырак 17 сакавіка сёлета. Кожнай — 12 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
Вядзеньне крымінальнай справы супраць трох іншых абвінавачаных — рэдактаркі палітыка-эканамічнага блёку Вольгі Лойка, журналісткі Алены Таўкачовай і юрысконсульта Кацярыны Ткачэнкі — прыпынена да іх вышуку.
Золатава і Чэкіна былі ў кайданках падчас абвяшчэньня прысуду, як раней праваабаронцы Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Ўладзімер Лабковіч.
У чым абвінавацілі фігурантак справы?
Людмілу Чэкіну абвінавацілі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
- ч. 2 арт. 243 (ухіленьне ад выплаты сумаў падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры);
- ч. 4 арт. 16, ч. 3 арт. 130 (арганізацыя наўмысных дзеяньняў, скіраваных на распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасьці паводле прыкметы расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай ці іншай сацыяльнай прыналежнасьці, якія ўчыненыя групай асобаў або мелі цяжкія наступствы);
- ч. 4 арт. 16, ч. 3 арт. 361 (кіраўніцтва заклікамі да дзеяньняў, скіраваных на нанясеньне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусі, учыненае з выкарыстаньнем сродкаў масавай інфармацыі або глябальнай кампутарнай сеткі інтэрнэт)
Генэральная дырэктарка «Тут Бай Медыа» Людміла Чэкіна нарадзілася ў 1978 годзе ў расейскім Сергіевым Пасадзе. Бацька Людмілы — вайсковец, яе сям’я шмат разоў пераяжджала і яшчэ да распаду Савецкага Саюзу асела ў Жодзіне. Людміла скончыла спачатку юрыдычны тэхнікум з чырвоным дыплёмам, пасьля юрыдычны факультэт БДУ.
У 2008 годзе стала юрысконсультам кампаніі «Надзейныя сыстэмы» — яе прывёў у калектыў заснавальнік Tut.by Юры Зісер.
У 2012-м Чэкіну прызначылі генэральным дырэктарам «Надзейных сыстэмаў». Яна скончыла курс Executive MBA у бізнэс-школе ІПМ. У 2017-м узначаліла «Тут Бай Медыа».
Марыну Золатаву абвінавацілі паводле:
- ч. 2 арт. 243 (ухіленьне ад выплаты сумаў падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры);
- ч. 3 арт. 130 (распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасьці паводле прыкметы расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай ці іншай сацыяльнай прыналежнасьці, якое ўчынена групай асобаў або мела цяжкія наступствы);
- ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеяньняў, скіраваных на нанясеньне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусі, учыненыя з выкарыстаньнем сродкаў масавай інфармацыі або глябальнай кампутарнай сеткі інтэрнэт).
Марыне Золатавай 45 гадоў. Яна нарадзілася ў Менску, скончыла ліцэй БДУ, філфак БДУ і асьпірантуру Інстытуту мовазнаўства. Дасканала ведае баўгарскую мову.
У журналістыку прыйшла ў 19 гадоў яшчэ студэнткай — спачатку на Радыё 101,2 FM, затым працавала ў інфармацыйным агенцтве БелаПАН. У 2004 годзе прыйшла на Tut.by — тады сайт быў агрэгатарам навінаў, туды быў патрэбны галоўны рэдактар. Дзякуючы шмат у чым Марыне Золатавай Tut.by стаў самым папулярным інтэрнэт-парталам краіны.
Галоўная рэдактарка Тut.by мае прэстыжныя журналісцкія прэміі: у 2018-м яна была «Чалавекам году» ў вэрсіі «Нашай Нівы», мае прэмію «Гонар журналістыкі» імя Алеся Ліпая (2019 год), узнагароду «Reporter:innenpreis 2021», якую штогод уручае Форум рэпартэраў Нямеччыны.
Людмілу Чэкіну і Марыну Золатаву праваабаронцы прызналі палітвязьнямі.
Як працаваў Tut.by у 2020 годзе
Партал Tut.by працаваў у Беларусі больш за 20 гадоў. 18 траўня 2021 году рашэньнем Міністэрства інфармацыі доступ да рэсурсу быў абмежаваны. У той жа дзень ранкам у рэдакцыі Tut.by зьявіліся сілавікі, а 15 яго дзейных і былых супрацоўнікаў трапілі за краты.
Беларускія чыноўнікі нават высокага ўзроўню лічылі за гонар даць інтэрвію журналістам Tut.by. Папулярных карэспандэнтаў і кіраўнікоў парталу запрашалі на прыёмы, прэзэнтацыі, імпрэзы. Марына Золатава разам зь некалькімі іншымі журналістамі незалежных беларускіх СМІ брала інтэрвію ў Аляксандра Лукашэнкі ў 2015 годзе.
У траўні 2020 году, калі пачалася перадвыбарчая прэзыдэнцкая кампанія, а разам зь ёю перасьлед апазыцыйных кандыдатаў, Tut.by пабіў агульнанацыянальны рэкорд: 176 мільёнаў наведваньняў усіх старонак сайту цягам месяца.
У апошнія дні перад закрыцьцём сайт наведвалі 3,3 мільёна ўнікальных карыстальнікаў штодня — кожны трэці жыхар Беларусі (згодна з дасьледаваньнем кампаніі Gemius у красавіку 2021 году). У кампаніі працавалі каля 200 супрацоўнікаў, больш за 70 — у рэдакцыі сайту.
Як перасьледавалі Tut.by
- Пасьля пачатку пратэстаў у жніўні 2020 году журналістаў Tut.by затрымлівалі 38 разоў. Кацярыну Барысевіч асудзілі на 6 месяцаў зьняволеньня за праўдзівую публікацыю пра тое, што забіты Раман Бандарэнка з «плошчы Перамен» быў цьвярозы.
- Летам 2020 году нарадзіўся сумны жарт «Ува ўсім вінаваты Tut.by».
- 18 траўня 2021 году рашэньнем Міністэрства інфармацыі Tut.by заблякаваны (фармальная падстава — згадваньне фонду BySol).
- У той жа дзень супраць кіраўніцтва парталу завялі крымінальную справу аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
- Арыштавалі і зьмясьцілі ў СІЗА 15 чалавек: галоўную рэдактарку сайту Марыну Золатаву; генэральную дырэктарку Tut.by Людмілу Чэкіну і двух яе намесьнікаў; рэдактарку аддзелу палітычных і эканамічных навінаў Вольгу Лойку; журналістку разьдзелу «Грошы і ўлада» Алену Таўкачову; галоўнага інжынэра Алу Лапатку; бухгальтараў, юрыстаў, іншых супрацоўнікаў.
- Нават удава заснавальніка Tut.by Юрыя Зісера Юлія Чарняўская была пад хатнім арыштам. Частку фігурантаў справы цягам году вызвалілі, некаторых ужо асудзілі.
- Летам 2021 году Tut.by выключылі з складу рэзыдэнтаў Парку высокіх тэхналёгіяў.
- 13 жніўня 2021 году суд Цэнтральнага раёну Менску прызнаў інфармацыйную прадукцыю і сацыяльныя сеткі Tut.by і новага праекту тутбаеўцаў Zerkalo.io экстрэмісцкімі.
- Цяпер абвінавачаных пяцёра. Пад вартай трымаюць былых галоўную рэдактарку парталу Марыну Золатаву і генэральную дырэктарку Людмілу Чэкіну.
- Журналісткам Вользе Лойцы, Алене Таўкачовай і юрыстцы Кацярыне Ткачэнцы ўвесну 2022 году зьмянілі меру стрыманьня, яны на волі.