Намесьніца Высокага камісара ААН у правах чалавека Нада Аль-Нашыф, выступаючы ў Жэнэве, заклікала ўлады ў Беларусі да захаваньня правоў чалавека ў краіне.
«Сытуацыя ў Беларусі прымусіла прынамсі 300 тысяч чалавек пакінуць краіну з траўня 2020 году, і рэпрэсіі ўсё часьцей распаўюджваюцца за межы Беларусі, супраць тых, хто ўжо зьехаў. На жаль, многія зь іх унесеныя ў сьпісы „экстрэмістаў“, а іх родныя і блізкія, якія засталіся ў Беларусі, сутыкаюцца зь велізарным ціскам, а часам і простай помстай з боку ўладаў», — заявіла Нада Аль-Нашыф, заклікаўшы вызваліць усіх зьняволеных і абвінавачаных з палітычных матываў.
Яна таксама заявіла, што «пашпартны ўказ» Лукашэнкі выклікае заклапочанасьць, і дадала, што ўлады Беларусі не ідуць на супрацу з офісам ААН у правах чалавека і іншымі праваабарончымі мэханізмамі.
«Беларусь павінна прыняць неадкладныя меры для захаваньня правоў чалавека і абароны ўсіх людзей у межах сваёй краіны», — сказала прадстаўніца офісу ААН у правах чалавека.
Пасьля яе выступіла прадстаўніца Беларусі. Яна заявіла, што ААН далі інфармацыю зь «недакладных крыніцаў» і на падставе «заангажаваных ацэнак».
«Іх аўтары працягваюць разьдзімаць заходнія інтэрпрэтацыі прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі. У іхнай вэрсіі падзеяў няма месца аб’ектыўным ацэнкам беларускай дзяржавы і прызнаньню законнага выбару беларускага народу», — сказала прадстаўніца Беларусі.
Яна заявіла, што ў Беларусі прайшла «канстытуцыйная рэформа, мадэрнізуецца заканадаўства з мэтаю ўмацаваньня канстытуцыйнага ладу, нацыянальнай бясьпекі і сувэрэнітэту, адбываецца спрыяньне грамадзянскай згодзе і абароне правоў і свабодаў грамадзян».
Пасьля яе слова ўзяў міністар замежных справаў Эстоніі Маргус Цахкна ад імя групы кран Балтыі і Паўночнай Эўропы. Ён назваў сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі крытычнай. Ён таксма дадаў, што неабходна, каб улады Беларусі панесьлі адказнасьць у сувязі з парушэньнем імі міжнароднага права ў рамках расейскай агрэсіі ва Ўкраіне.
Даклад апублікавалі вясной, цяпер прэзэнтуюць абнаўленьні да яго, піша «Вясна». У слуханьнях прыме ўдзел дарадца Сьвятланы Ціханоўскай у праўных пытаньнях Крысьціна Рыхтэр.
«Гэтыя слуханьні праходзяць амаль што ў кожную сэсію Рады правоў чалавека з 2020 году. Для беларусаў гэта азначае, што пытаньне правоў чалавека ў Беларусі і іх парушэньне рэжымам дагэтуль застаюцца ў цэнтры ўвагі міжнароднай супольнасьці і самой ААН», — адзначыла Рыхтэр.
За слуханьнямі можна сачыць на сайце ААН.
- 54-я сэсія Рады правоў чалавека ААН праходзіць з 11 верасьня па 13 кастрычніка ў Жэнэве.
- Раней, у дакладзе ад 17 сакавіка 2023 году, Высокі камісар ААН у правах чалавека Фолькер Цюрк падкрэсьліў, што некаторыя парушэньні уладаў Беларусі могуць быць прыраўняныя да злачынстваў супраць чалавечнасьці.
Офіс Высокага камісара ААН у правах чалавека прэзэнтаваў 17 сакавіка другі даклад аб сытуацыі ў Беларусі перад прэзыдэнцкімі выбарамі 2020 году і пасьля іх. Даклад заснаваны на інтэрвію з 207 пацярпелымі і сьведкамі, а таксама на аналізе больш як 2500 доказаў катаваньняў, учыненых у пэрыяд ад 1 траўня 2020 году да 31 сьнежня 2022 году.
У рэзюмэ справаздачы спэцыяльнай спавяшчальніцы ААН аб Беларусі Анаіс Марэн гаворыцца, што ўлады Беларусі ўзмацнілі жорсткасьць абмежаваньня свабоды думак і іх выказваньня «ў дачыненьні да публічных антываенных акцыяў і супрацьдзеяньня ўзброенаму нападу Расеі на Ўкраіну».
Даклад ахоплівае пэрыяд ад 1 красавіка 2022 году да 31 сакавіка 2023-га. У ім «даецца аналіз заканадаўчых зьменаў з гледзішча іх адпаведнасьці міжнародным нормам і стандартам у галіне правоў чалавека, абавязковым для Беларусі».
13 чэрвеня намесьнік міністра замежных справаў Юры Амбразевіч на сустрэчы ў Жэнэве заклікаў Раду правоў чалавека ААН у цэлым супрацоўнічаць з афіцыйным Менскам, а не «замежнымі палітычнымі сіламі».
У ААН працягваюць збор сьведчаньняў аб рэпрэсіях у Беларусі
Офіс Высокага камісара ААН у правах чалавека заявіў, што зацікаўлены ў атрыманьні інфармацыі аб усіх меркаваных парушэньнях правоў чалавека, учыненых у Беларусі з 1 траўня 2020 году.
Зьвесткі аб парушэньнях можна адправіць праз спэцыяльны фармуляр, апублікаваны на сайце. Таксама арганізаваны сэрвіс для заладаваньня дакумэнтальных пацьверджаньняў.
Зьбіраць інфармацыю будуць да 30 лістапада 2023 году. У Офісе адзначылі, што надаюць першараднае значэньне абароне крыніц, асабліва што да захаваньня канфідэнцыйнасьці і прынцыпу «не нашкодзь». Раскрыцьцё асобаў і выкарыстаньне перададзенай імі інфармацыі адбываецца строга пры ўмове іх інфармаванай згоды.