Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналіст з Ізраілю пра гібель соцень чалавек у кібуцах: «Гэта можна параўнаць з Галакостам»


Целы забітых ізраільцян у кібуцы Кфар-Аза, 10 кастрычніка
Целы забітых ізраільцян у кібуцы Кфар-Аза, 10 кастрычніка

10 кастрычніка ў кібуцы Кфар-Аза недалёка ад сэктару Газа былі знойдзеныя целы каля 200 чалавек.

Арыгінал публікацыі на сайце тэлеканалу «Настоящее время».

Паводле ізраільскіх вайскоўцаў, сярод забітых было шмат дзяцей, у тым ліку са сьлядамі катаваньняў.

Ізраільскія ўлады паказалі журналістам наступствы нападу на паселішча. Карэспандэнты Reuters пішуць, што целы жыхароў Ізраілю і баевікоў ХАМАС ляжалі сярод спаленых дамоў. Вайскоўцы хадзілі па дамах, зьбіраючы целы загінулых. Яны расказалі журналістам, што знаходзілі цэлыя сем’і расстраляных у сваіх ложках.

Раней стала вядома пра аналягічную разаніну ў кібуцы Бээры: там таксама знойдзеныя целы больш як ста чалавек.

Журналіст з Ізраілю Дзьмітры Хайтоўскі расказаў у этэры Current Time, што вядома пра гібель дзяцей і жанчын у кібуцах Кфар-Аза і Бээры.

— Тут гэта ўсё разглядаюць менавіта з прывязкай да Галакосту, да жахаў Другой сусьветнай вайны, генацыду — тут іншых словаў няма. Пошукавыя работы яшчэ працягваюцца, прынамсі, у Бээры. Сапраўды, ёсьць каля 100 загінулых — менавіта такую лічбу называлі яшчэ дзявятага кастрычніка. Яна можа вырасьці, але спадзяемся, што гэтага ня будзе.

— Калі верыць валянтэрам і журналістам, баевікі адрэзалі галовы некаторым дзецям. Ці ёсьць нейкае тлумачэньне жорсткасьці гэтых забойстваў? Чаму гэта было ўчынена з такой жорсткасьцю?

— Шчыра кажучы, мне цяжка сказаць. Я ня чуў, каб нехта нават спрабаваў патлумачыць. Мне здаецца, гэта [можна параўнаць] з Галакостам. Чаму быў Галакост? Нянавісьць. ХАМАС, «Хэзбала» і Іран — усе яны кажуць пра неабходнасьць зьнішчэньня ізраільскай дзяржавы, нават не пра яе прызнаньне — пра гэта, вядома, і гаворкі няма. Яны выбралі такі шлях, такі спосаб, такія інструмэнты і такую мэту.

— У аўторак, як паведамляюць, былі абстраляныя ракетамі гарады Тэль-Авіў, Ашкелён, Ашдод. Скажыце, калі ласка, ці дае рады зараз сыстэма «Жалезны купал» тым ракетам, якія ляцяць на тэрыторыю Ізраілю?

— Можна сказаць, што, вядома, дае рады. Але трэба разумець, што «Жалезны купал» — гэта сыстэма. Усякая сыстэма ня мае стопрацэнтнай эфэктыўнасьці. Таму, вядома, нейкія ракеты праходзяць. У Ашдодзе ці ў Ашкелёне ўчора, па-мойму, былі прылёты. Пазаўчора быў прылёт «Касаму» побач з дыспэтчарскай вежай аэрапорту «Бэн-Гурыён».

«Жалезны купал» — адна з самых эфэктыўных сыстэмаў. Яна працуе па гэтых самаробных балванках. Вядома, у апошнія гады баевікі мадыфікавалі «Касамы». У іх значна большая эфэктыўнасьць, на жаль, чым на пачатковай стадыі. Павялічылі далёкасьць палёту гэтых ракетаў. Але «Жалезны купал» дае рады, бачныя сполахі. І тыя выбухі, якія чуваць, калі працуе сырэна, — гэта выбухі павераных перахопаў.

— Ці можна зразумець сыстэму абстрэлаў? Баевікі абстрэльваюць вайсковыя аб’екты, жылыя кварталы, ці гэта нейкія хаатычныя абстрэлы?

— Як я гаварыў, «Касам» — гэта абсалютна прымітыўная балванка: труба, выбуховае рэчыва і ракетны рухавік. Ён ня мае сыстэмы навядзеньня. Сыстэма навядзеньня — гэта тое, як баявік на вока вызначае, падымае гэтую ракетную ўстаноўку і запускае яе. Куды ляціць — туды і прыляціць. Куды бог паслаў, як яны кажуць, туды яна і прызямліцца. Гэта можа быць, як той казаў, «стральба па плошчах». Вось яны прыблізна пацэлілі, прыблізна нейкі кут і кірунак разьлічылі, запусьцілі, а там ужо куды даляціць.

— Якая цяпер сытуацыя ў аэрапорце «Бэн-Гурыён»? Хто пакідае Ізраіль? Ці шмат грамадзян вяртаюцца дадому?

— Я паглядзеў перад этэрам Flightradar. Да вылету рыхтуюцца толькі рэйсы трох ізраільскіх авіякампаніяў. Гэта рэйсы ў Эўропу. Квіткі не падаражэлі. То бок нейкага ажыятажу вакол вылету няма. Канада, я ведаю, рыхтуе рэйсы для эвакуацыі сваіх грамадзян. Ізраіль заявіў, што цэнтралізавана дапамагае сваім грамадзянам вяртацца ў Ізраіль, бо ў ізраільскіх грамадзян, якія жывуць за межамі, ёсьць даволі вялікае жаданьне вярнуцца на радзіму і ўступіць у барацьбу. У армію спрабуюць пайсьці многія рэзэрвісты, калі ня большасьць. Напрыклад, майму брату 56 гадоў, і ён пазаўчора пайшоў на поўдзень Ізраілю, хоць прызываюць да 50.

Вайна Ізраіля з ХАМАС. Асноўнае

  • 7 кастрычніка 2023 году Ізраіль зазнаў ракетнага ўдару з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня меней за 260 удзельнікаў музычнага фэсту і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
  • Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
  • Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
  • ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
  • Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАСу. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
  • Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка 2023 году — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
  • 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
  • Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
  • Лібанская ўзброеная групоўка «Хезбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
  • Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
  • Ізраіль у лістападзе 2023 году пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
  • 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне ад замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
  • За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
  • 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач Газы зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.

    «Хэзбала» выпусьціла ракеты па Ізраілі на наступны дзень пасьля нападу ХАМАС, у кастрычніку 2023 году. З таго часу абстрэлы на мяжы адбываюцца амаль штодня. Дзясяткі тысяч жыхароў эвакуавалі з прымежных раёнаў з абодвух бакоў.

    «Хэзбала» — ваенізаваная групоўка і палітычная партыя, якая кантралюе значную частку паўднёвага Лібану. Злучаныя Штаты лічаць яе тэрарыстычнай арганізацыяй. Эўрапейскі Зьвяз унёс у свой сьпіс такіх арганізацыяў толькі яе ўзброенае крыло, але не палітычную партыю (партыя «Хэзбалы» прадстаўлена ў парлямэнце Лібану). «Хэзбала» таксама ёсьць часткаю так званай іранскай «восі супраціву» — сеткі іранскіх давераных асобаў і падтрыманых Тэгеранам групаў баевікоў, якія выступаюць супраць Ізраілю і ЗША.
  • Увосень 2024 году рэзка вырасла супрацьстаяньне на ізраільска-лібанскай мяжы. «Хэзбала» атакавала Ізраіль, а ў Тэль-Авіве вырашылі правесьці сэрыю авіяналётаў, каб зьнішчыць атакавальны патэнцыял «Хэзбалы».
  • 23 верасьня Ізраіль распачаў першую з 2006 году наземную апэрацыю на поўдні Лібану, калі пачалася Другая лібанская вайна (Ліпеньская вайна). Апэрацыю назвалі «Стрэлы поўначы».
  • 27 верасьня Ізраіль нанёс магутныя ўдары па Лібане і забіў лідэра «Хэзбалы» Хасана Насралу.
  • 3 кастрычніка Армія абароны Ізраілю паведаміла пра атаку на аб’екты «Хэзбалы» ў Бэйруце.

    Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG