Раніца 7 кастрычніка. Недалёка ад сэктару Газа пачынаецца другі, заключны дзень музычнага фэстывалю SUPERNOVA Sukkot Gathering, прысьвечанага юдэйскаму сьвяту Сукот (Кучкі). Білеты на фэст купілі тры тысячы чалавек. У гэты ж час баевікі палестынскай ісламісцкай групоўкі ХАМАС учыняюць інтэнсіўны ракетны абстрэл усёй тэрыторыі Ізраілю. У небе ўжо відаць сьляды працы ізраільскай сыстэмы СПА, але людзі не зважаюць і працягваюць танчыць. Баевікі ўрываюцца ў раёны, памежныя з сэктарам Газа.
Удзельнікі фэсту пачнуць шукаць ратунку толькі праз гадзіну, калі прагучыць сырэна, а на іхныя смартфоны прыйдзе апавяшчэньне аб уварваньні. А яшчэ праз прыкладна дзьве хвіліны баевікі ХАМАС выйдуць з сваіх мінівэнаў і адкрыюць агонь па людзях вакол, якія спрабуюць зьехаць на машынах. Кагосьці захопяць у закладнікі і пазьней вывезуць на падкантрольныя ХАМАС тэрыторыі, кагосьці проста адразу заб’юць. Усяго ў выніку атакі на музычны фэст загінулі прынамсі 260 чалавек, пра лёс многіх на гэты момант нічога не вядома. Ёсьць і тыя, каму ўдалося выратавацца — уцячы або схавацца непадалёк у кустах.
Расейская служба Радыё Свабода паразмаўляла з удзельнікам фэсту, які выжыў. Аднаўляем храналёгію падзеяў і апавядаем, што вядома пра трагедыю на гэты момант.
«Мы для іх былі проста мішэнямі ў ціры». Храналёгія падзеяў
Двухдзённы фэстываль электроннай музыкі Universo Paralello Israel Edition праходзіў у пустэльні Нэгеў, у раёне кібуцу Рэім, за некалькі кілямэтраў ад мяжы з сэктарам Газа. На тэрыторыі фэстывалю былі тры сцэны, імправізаваныя кавярні і бары.
Universo Paralello — фэстываль музыкі жанру сайтранс (анг. psytrance, ад «псыхадэлічны транс»). Спачатку бразыльскі, потым дазволіў выкарыстоўваць свой брэнд і за мяжой. У Ізраілі арганізатарам стала аб’яднаньне прадусараў і музыкаў Nova. Падзею прысьвяцілі юдэйскаму сьвяту Сукот, а не «араба-ізраільскаму сяброўству і міру ўва ўсім сьвеце», як сьцьвярджалася ў сацыяльных сетках, у тым ліку ў расейскіх праваенных тэлеграм-каналах, пасьля трагедыі. Да такой высновы прыйшоў тэлеканал «Настоящее время», вывучыўшы акаўнты арганізатараў фэсту і музыкаў, якія ўдзельнічалі ў ім.
Раз Коэн, ізраільцянін, які прыехаў на фэст за тры гадзіны да нападу, расказаў, што ракетныя абстрэлы з боку Газы пачаліся прыкладна а шостай раніцы. Наведнікі фэстывалю адзначалі, што самі па сабе абстрэлы на поўдні Ізраілю — частая рэч, таму многія не зважалі на гэта.
Сырэна загучала праз гадзіну, тады ж людзям на тэлефон сталі прыходзіць паведамленьні пра тое, што «на тэрыторыю Ізраілю ўварваліся тэрарысты». Разу напісала і ягоная маці, спрабуючы папярэдзіць сына.
«Мы былі вельмі блізка да мяжы. Калі пачалася трывога, паліцыянты сказалі ўсім наведнікам рассаджвацца па машынах і выбірацца адтуль. Мы вырашылі застацца на адкрытай мясцовасьці, бо там, на выезьдзе, утварыўся затор ад наплыву людзей. Яны проста апынуліся ў пастцы. Літаральна празь дзьве хвіліны я пачуў страляніну на паркінгу і на дарозе каля ўваходу на фэстываль», — успамінае Раз.
Раз, яго сябар і яшчэ тры чалавекі схаваліся пад адной са сцэнаў. Празь дзесяць хвілін там пазьбіралася вельмі шмат людзей. Адзін з удзельнікаў фэстывалю прыбег туды і сказаў, што баевікі набліжаюцца і таму трэба сыходзіць.
Адзін з тэрарыстаў злавіў жанчыну і зарэзаў яе
«Мы разлучыліся зь яшчэ адным нашым сябрам. Мы ўвогуле нічога ня ведалі пра ягоны лёс. Нам зноў давялося вярнуцца на адкрытую мясцовасьць і бегчы, — расказвае Коэн. — Пры гэтым шлях у бок Ізраілю быў адрэзаны, мы пабеглі ў бок Газы. Нас бегла каля двухсот чалавек. Уявіце, 200 чалавек бягуць па адкрытай мясцовасьці. Тэрарысты пачалі страляць нам у сьпіны. Людзі проста валіліся на зямлю: кулі прыляталі ў патыліцу, ногі, рукі, сьпіну. Адзін з тэрарыстаў злавіў жанчыну і зарэзаў яе. Мы бачылі мноства трупаў, раскіданых паўсюль. Мы беглі далей, нягледзячы ні на што. Бо мы для іх былі проста мішэнямі ў ціры».
Адна з пацярпелых зьняла на камэру першыя хвіліны атакі баевікоў. На іх бачна, што паліцыя спрабуе выратаваць частку ўдзельнікаў фэстывалю.
Раз Коэн зь сябрам дабеглі да невялікага яру ля ручая і схаваліся ў хмызьняку, апынуўшыся прыкладна за паўтара кілямэтра ад сэктару Газа.
«Калі мы хаваліся ў кустах, адзін з тэрарыстаў падышоў вельмі блізка да нас. Я ляжаў на жываце проста пад кустом. Ён падышоў і ўтаропіўся наўпрост у тое месца, дзе я ляжаў. Я спрабаваў схавацца і ня дыхаць. Я глядзеў проста на яго. Мне здавалася, што ён глядзіць мне ў вочы. Я маліўся, што ён мяне ня бачыць.Гэта доўжылася 10 сэкундаў. Ён мяне так і не заўважыў і пайшоў. Але, шчыра, я быў упэўнены, што загіну. Калі мы хаваліся, я вырашыў зрабіць фота з маім дарагім сябрам на памяць — на выпадак, калі мы застанемся ў жывых. Гэта адзіная фатаграфія, якая засталася ў мяне з таго фэстывалю», — узгадвае Раз.
Таварыша, якога Раз зь сябрам страцілі ў пачатку нападу, выратавалі праз чатыры гадзіны. Раза і ягонага сябра — праз шэсьць. Малады чалавек тлумачыць, што ён адправіў сваю геапазыцыю бацьку і сябрам, якія служаць у войску, адразу ж, як толькі яны з таварышам схаваліся ў кустах, але ЦАХАЛ ня меў магчымасьці эвакуаваць іх. З словаў пацярпелага, у раёне фэсту было каля 200 баевікоў.
Тут словы Раза разыходзяцца з тым, што сказала ізраільскаму «12 каналу» іншая пацярпелая. Зь яе словаў, баевікоў, прынамсі ў пачатку атакі, было каля 50 чалавек. Раз Коэн настойвае, што палестынскіх джыгадыстаў было значна больш. Праверыць інфармацыю на гэты момант немагчыма.
Што вядома на гэты момант пра лёс удзельнікаў фэсту?
На дзень 9 кастрычніка ў раёне правядзеньня фэстывалю знайшлі ўжо 260 целаў. 450 валянтэраў вядуць пошукавыя апэрацыі. Колькасьць загінулых можа ўзрасьці, зазначаюць мясцовыя СМІ. Лёс многіх людзей застаецца невядомым — яны лічацца зьніклымі бязь вестак. Сваякі нясуць у паліцыю фатаграфіі сваіх блізкіх і рэчы, зь якіх можна атрымаць ДНК-матэрыял. Частку ўдзельнікаў маглі вывезьці ў сэктар Газа.
Агулам групоўкі ХАМАС і «Палестынскі ісламскі джыгад» трымаюць 130 палонных і закладнікаў — такія зьвесткі падаюць самі групоўкі.
Рэальна ізраільскіх вайскоўцаў і цывільных, вывезеных на падкантрольныя баевікам тэрыторыі, можа быць больш. Адна з закладніц — 25-гадовая ізраільская студэнтка Ноа Аргамані, якая прыехала на музычны фэст разам з сваім хлопцам Авінатанам Орам.
Ор і Аргамані некалькі гадзін хаваліся ад баевікоў. Малады чалавек падзяліўся сваёй геапазыцыяй зь сябрам і папрасіў ізраільскіх салдатаў выратаваць іх. «Мы з Ноа хаваемся тут. Скажы ім, што банда з 20 чалавек шукае тых, хто хаваецца, і лінчуе іх». Ор перастаў адказваць на паведамленьні а 10-й раніцы мясцовага часу, праз тры гадзіны пасьля пачатку нападу.
Пазьней у сацыяльных сетках разьляцелася відэа, на якім баевікі ХАМАС вязуць дзяўчыну на матацыкле, яна крычыць: «Не забівайце мяне!», а яе хлопца ў гэты момант вядуць па дарозе з завязанымі за сьпінай рукамі. На наступны дзень у канале, зьвязаным з ХАМАС, было апублікавана новае відэа з Ноа, якое, як сьцьвярджаецца, зьнята, калі яна ўжо ў закладніках у баевікоў. Подпіс: «жанчына-салдат у Газе». Невядома, дзе і калі папраўдзе зьнята відэа. Пра лёс Авінатана таксама няма ніякай інфармацыі.
Яшчэ адной вывезенай у сэктар Газа дзяўчынай аказалася 30-гадовая турыстка зь Нямеччыны Шані Лоўк. Маці дзяўчыны апазнала яе на відэа, апублікаваным баевікамі. На ім дзяўчыну, якая не падае ніякіх прыкметаў жыцьця, са зламанымі нагамі вязуць у пікапе па вуліцах Газы пад радасныя крыкі натоўпу. На патыліцы дзяўчыны відаць рана, якая нагадвае адтуліну ад кулі. Малады чалавек з натоўпу ў канцы відэа пералазіць праз борт машыны і плюе на галаву дзяўчыны.
Зьніклым лічыцца і грамадзянін Расеі 27-гадовы Андрэй Казлоў, які працаваў на фэстывалі ахоўнікам. Як піша тэлеграм-канал «Можем объяснить», апошні раз Андрэй выйшаў на сувязь з сваім бацькам раніцай 7 кастрычніка. Ён напісаў, што паўсюль чуваць стрэлы. Сябры Андрэя пачалі шукаць маладога чалавека, здалі ў паліцыю ўзоры яго ДНК. Інфармацыю пра яго ўнесьлі ў базу зьніклых бязь вестак, але сябры і сям’я ўсё яшчэ спадзяюцца знайсьці яго жывым, адзначае выданьне.
Цётка Андрэя Казлова ў інтэрвію тэлеграм-каналу рэзка нэгатыўна паставілася да ідэі, што сям’і варта папрасіць дапамогі ў расейскіх уладаў, бо, на яе думку, улады Расеі сёньня, «агулам кажучы, нічым не адрозьніваюцца ад ХАМАС».
Усяго на 17:00 ізраільскага часу 9 кастрычніка ад пачатку маштабнай атакі палестынскіх баевікоў на Ізраіль загінулі больш за 800 ізраільскіх грамадзянаў, яшчэ 2382 параненыя. Такія зьвесткі падаюць мясцовыя ўлады. Паводле міністэрства аховы здароўя сэктару Газа, за гэты ж пэрыяд загінулі ня менш за 560 палестынцаў, яшчэ 2800 атрымалі раненьні рознай ступені цяжкасьці.