Нарвэскі Нобэлеўскі камітэт аб’явіў ляўрэатку прэміі міру за 2023 год. Прэмію атрымала Наргес Махамадзі за яе барацьбу супраць прыгнёту жанчын у Іране і за прасоўваньне правоў чалавека і свабоды для ўсіх.
Старшыня нарвэскага Нобэлеўскага камітэту Бэрыт Райс-Андэрсэн назвала Махамадзі адной зь вядучых праваабаронцаў Ірану, якая выступала за правы жанчын і адмену сьмяротнага пакараньня.
Прывітаўшы Махамадзі як «змагарку за свабоду», Бэрыт Райс-Андэрсэн пачала сваю прамову са слоў «жанчына, жыцьцё, свабода» на фарсі — аднаго зь лёзунгаў мірных пратэстаў супраць іранскага ўраду.
Як піша Reuters, у цяперашні час Махамадзі адбывае некалькі тэрмінаў зьняволеньня ў турме Эвін у Тэгеране, агулам яе пакараньне складае каля 12 гадоў пазбаўленьня волі. Сярод абвінавачаньняў — нібыта распаўсюд прапаганды супраць дзяржавы.
Махамадзі зьяўляецца намесьніцай кіраўніка няўрадавай арганізацыі «Цэнтар абаронцаў правоў чалавека», якую ўзначальвае Шырын Эбадзі, ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі міру 2003 году.
Усяго ў ліку намінантаў быў 351 кандыдат, 259 асобаў і 92 арганізацыі, у тым ліку дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская.
Летась прэмію атрымалі зьняволены беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі, расейская праваабарончая група «Мэмарыял» і ўкраінская праваабарончая арганізацыя «Цэнтар грамадзянскіх свабодаў». «Пераможцы на працягу многіх гадоў прапагандавалі права крытыкаваць уладу і абараняць асноўныя правы грамадзянаў», — заявіў летась Нарвэскі нобэлеўскі камітэт. Леташняя прэмія прыпала на першы год вайны Расеі ва Ўкраіне. Сёлета вайна працягваецца ўжо другі год.
Прэмія міру — адзіная з Нобэлеўскіх прэмій, якая ўручаецца ў Осла, а не ў Стакгольме. За гэты тыдзень былі абвешчаныя прэміі ў мэдыцыне, фізыцы, хіміі і літаратуры. Прэмія ў эканоміцы будзе абвешчаная ў панядзелак.
Апрача Алеся Бяляцкага, зь беларусаў Нобэлеўскую прэмію раней атрымала пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч.
Прэміі прадугледжваюць грашовую ўзнагароду ў памеры 11 мільёнаў швэдзкіх крон (1 мільён даляраў ЗША), атрыманых са спадчыны стваральніка прэміі, швэдзкага вынаходніка Альфрэда Нобэля, які памёр у 1896 годзе.
Ляўрэатаў запрашаюць атрымаць узнагароды на цырымоніі 10 сьнежня, у гадавіну сьмерці Нобэля. Прэстыжная прэмія міру ўручаецца ў Осла згодна зь ягоным жаданьнем, а другая цырымонія ўзнагароджаньня праходзіць у Стакгольме.
Хто такі Алесь Бяляцкі
Беларускі праваабаронца, грамадзкі дзеяч, літаратуразнаўца. Заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна», палітычны зьняволены.
- Нарадзіўся 25 верасьня 1962 году ў гарадзкім пасёлку Вя́ртсіля ў Карэльскай АССР, дзе ў той час працавалі ягоныя бацькі-беларусы. У 1965 годзе сям’я вярнулася ў Беларусь, у Сьветлагорск.
- У 1984 годзе Алесь скончыў гісторыка-філялягічны факультэт Гомельскага ўнівэрсытэту, працаваў настаўнікам у Лельчыцкім раёне.
- Служыў у савецкім войску ў Сьвярдлоўскай вобласьці РФ мэханікам-кіроўцам браняванага цягача.
- У 1986–1989 гадах быў заснавальнікам Аб’яднаньня маладых літаратараў «Тутэйшыя».
- У 1989 годзе скончыў асьпірантуру Інстытуту літаратуры Акадэміі навук Беларусі.
- З 1989 да 1998 году працаваў дырэктарам Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча.
- У 1991–1996 гадах быў дэпутатам Менскага гарадзкога савету дэпутатаў.
- У 1996 годзе заснаваў праваабарончую арганізацыю «Вясна»
- 4 жніўня 2011 году быў затрыманы — яго абвінавацілі «ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў». 23 лістапада асуджаны на 4,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.
- У 2012 годзе ў Бібліятэцы Радыё Свабода выйшла кніга Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».
- 21 чэрвеня 2014 году быў датэрмінова вызвалены з Бабруйскай калёніі.
- За 25 гадоў сваёй дзейнасьці быў адзначаны шматлікімі прэміямі і ўзнагародамі: швэдзкай прэміяй імя Пэра Ангера, прэміяй Свабоды імя Андрэя Сахарава, прэміяй Homo Homіnі, якую ўручаў Вацлаў Гавэл, прэміяй Нарвэскага зьвязу пісьменьнікаў «За свабоду слова», прэміяй Дзярждэпартамэнту ЗША, прэміяй Леха Валэнсы, прэміяй імя Пэтры Кэлі, прэміяй Вацлава Гавэла ад ПАРЭ, прэміяй «За правы чалавека і вяршэнства закону» ды іншымі.
- Пяць разоў вылучаўся на Нобэлеўскую прэмію міру.
- Алесь — аўтар кніг «Прабежкі па беразе Жэнэўскага возера», «Асьвечаныя Беларушчынай», «Халоднае крыло радзімы», «Іртутнае срэбра жыцьця», «Бой з сабой», «Турэмныя сшыткі» (Менск, 2018, «Вясна»).
- 14 ліпеня 2021 году быў затрыманы паводле крымінальнага абвінавачаньня, у яго дома і ў офісе «Вясны» адбыліся ператрусы.
- Усяго за актыўную грамадзкую і праваабарончую дзейнасьць прыцягваўся да судовай адказнасьці больш за 20 разоў. Прызнаны палітычным зьняволеным.
- 7 кастрычініка 2022 году Алесю Бяляцкаму прысудзілі Нобэлеўскую прэмію міру.
- 3 сакавіка 2023 году Бяляцкага пакаралі 10 гадамі пазбаўленьня волі. Яго асудзілі разам з калегамі: праваабаронцамі Валянцінам Стэфановічам і Ўладзімерам Лабковічам.
- З моманту арышту ў ліпені 2021 году Бяляцкі мае вельмі абмежаваныя зносіны з сваёй сямʼёй, адвакатам і навакольным сьветам.
- Адбывае пакараньне ў папраўчай калёніі нумар 9 у Горках.