Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сусьветны банк у 5 разоў павысіў прагноз росту ВУП Беларусі


Сусьветны банк павысіў прагноз росту беларускай эканомікі ў 2023 годзе ў пяць разоў.

У сваім кастрычніцкім аглядзе пэрспэктываў эканомік рэгіёну Эўропы і Цэнтральнай Азіі экспэрты банку ацанілі рост беларускага ВУП у 3% па выніках гэтага году. Увесну яны прагназавалі прырост толькі ў 0,6%.

Пра гэта піша выданьне Reform.by.

Аднак нават пасьля павелічэньня прагнозу Сусьветнага банку ён застаецца ніжэйшы за плянавы паказчык у 3,8%, якога хоча дасягнуць урад Беларусі.

У 2024 годзе тэмпы росту беларускай эканомікі, паводле ацэнкі Сусьветнага банку, замарудзяцца да 0,8%, а ў 2025-м — да 0,7%. Ацэнкі Сусьветнага банку на наступныя два гады паніжаныя на 0,6 адсоткавага пункта ў параўнаньні зь вясновай справаздачай.

Па выніках студзеня-жніўня ВУП Беларусі вырас у гадавым вымярэньні на 3,1%.

Экспэрты Сусьветнага банку адзначаюць актыўны аднаўленчы рост у Беларусі і актыўную адаптацыю эканомікі да санкцыйных абмежаваньняў, у тым ліку арганізацыю экспарту калійных угнаеньняў і нафтапрадуктаў праз Расею, а таксама намаганьні па імпартазамяшчэньні. Разам з тым захоўваецца залежнасьць ад зьнешняга попыту, перш за ўсё з Расеі, а геапалітычныя рызыкі застаюцца вялікімі. У прыватнасьці, размова ідзе аб закрыцьці межаў з Эўразьвязам.

Банк таксама ацаніў рост эканомікі Польшчы ў 0,7% у 2023 годзе, Расеі — у 1,6%, Украіны — у 3,5%.

Нядаўна свой прагноз росту беларускага ВУП апублікаваў таксама Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця. Ён ацэньвае яго ў 2% па выніках гэтага году і ў 1,3% — па выніках наступнага.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG