Генэральная пракуратура і Служба дзяржаўнай бясьпекі Азэрбайджану пацьвердзілі затрыманьне колішняга прэзыдэнта Нагорнага Карабаху Араіка Аруцюньяна.
Як паведаміла дзяржаўнае азэрбайджанскае агенцтва АЗЕРТАДЖ, Араіка Аруцюньяна затрымалі ў межах крымінальных спраў, якія завялі па фактах «злачынстваў супраць міру і чалавечнасьці, ваенных злачынстваў, тэрарызму і іншых дзеяньняў, учыненых незаконнымі армянскімі ўзброенымі фармаваньнямі, што дзейнічалі на тэрыторыі Карабаху Азэрбайджанскай Рэспублікі».
Праваахоўныя органы Азэрбайджану паведамілі, што маюць абгрунтаваныя падазрэньні аб удзеле Араіка Аруцюньяна ў фінансаваньні «наймітаў» і «ўцягваньні іх у ваенны канфлікт і ваенныя апэрацыі».
Апроч таго, колішняга прэзыдэнта Народнага Карабаху падазраюць у датычнасьці да мінаваньня тэрыторыі Азэрбайджану і ўзбраеньня «наймітаў» незаконна ўвезенай зброяй, боепрыпасамі і арганізацыяй вучэньняў па іх выкарыстаньні.
Азэрбайджан абвясьціў Араіка Аруцюньяна ў міжнародны вышук у кастрычніку 2020 году, а 3 кастрычніка 2023 году яго затрымалі, яму выставілі абвінавачаньні паводле як мінімум 10 артыкулаў.
У Армэніі назвалі ўсе абвінавачаньні, выстаўленыя супраць колішніх кіраўнікоў Нагорнага Карабаху, сфальсыфікаванымі.
27 верасьня Дзяржаўная памежная служба Азэрбайджану паведаміла аб затрыманьні былога дзяржаўнага міністра (адпавядае статусу кіраўніка ўраду) непрызнанай Нагорна-Карабаскай рэспублікі Рубэна Варданьяна.
4 кастрычніка розныя інфармацыйныя крыніцы паведамілі, што спэцслужбы Азэрбайджану затрымалі колішных прэзыдэнтаў Нагорнага Карабаха Араіка Аруцюньяна, Аркадзя Гукасьяна, Бако Саак'яна і старшыні парлямэнту НК Давіда Ішханьяна.
Што папярэднічала цяперашняй сытуацыі ў Нагорным Карабаху
Нагорны Карабах (армянская назва Арцах) — горны рэгіён унутры тэрыторыі Азэрбайджану, у якім цягам стагодзьдзяў жылі і армяне, і азэрбайджанцы. Напярэдадні распаду Савецкага Саюзу насельніцтва тагачаснай Нагорна-Карабаскай аўтаномнай вобласьці прыблізна на 75% складалася з армянаў. У 1980-я гады нацыяналістычны рух імкнуўся аддзяліць рэгіён ад Азэрбайджану і далучыць яго да Армэніі. У выніку вайны на пачатку 1990-х гадоў загінулі каля 30 тысяч чалавек, і сэпаратысты, падтрыманыя Армэніяй, узялі гэтую тэрыторыю і некалькі прылеглых раёнаў Азэрбайджану пад свой кантроль.
Дыпляматычныя намаганьні ўрэгуляваць канфлікт не далі істотных вынікаў, і ў 2020 годзе пачалася новая вайна, якая цягнулася шэсьць тыдняў. У выніку замірэньня пры пасярэдніцтве Расеі быў фактычна зафіксаваны пераход пад кантроль Азэрбайджану часткі рэгіёну і сямі прылеглых да яго раёнаў.
У 2022 годзе Баку і Ерэван пачалі перамовы, якія мелі канчаткова разьвязаць канфлікт. Заяўленай мэтай Азэрбайджану было вярнуць кантроль над усёй тэрыторыяй Нагорнага Карабаху, і армянскі прэмʼер-міністар Нікол Пашыньян даваў сыгналы, што ён гатовы на гэта пайсьці.
Аднак армянскае кіраўніцтва Нагорнага Карабаху не хацела ісьці на такі крок. Яно выказвала занепакоенасьць, што абяцаньні Азэрбайджану мірна «рэінтэграваць» этнічных армянаў — гэта толькі дымавая заслона, за якой хаваецца плян назаўсёды выціснуць іх з гэтай тэрыторыі. Міжнародныя пасярэднікі спрабавалі знайсьці кампраміс, але марна.
1 студзеня 2024 году спыніла сваё існаваньне Нагорна-Карабаская рэспубліка, абвешчаная больш за 30 гадоў таму этнічнымі армянамі на тэрыторыі былой савецкай Нагорна-Карабаскай аўтаномнай вобласьці Азэрбайджану і не прызнаная ніводнай краінай сьвету.
Гэта адбылося ў выніку нападу Азэрбайджану на Нагорны Карабах увосень 2023 году. Азэрбайджанскія ўлады назвалі гэта «антытэрарыстычнай апэрацыяй». У выніку з Нагорнага Карабаху выехалі амаль усе этнічныя армяне, а Азэрбайджан абвясьціў яго сваёй тэрыторыяй і заявіў аб перамозе ў «Айчыннай вайне».