Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва ўводзіць забарону на наведваньне Беларусі для сваіх чыноўнікаў, якія працуюць зь дзяржаўнымі сакрэтамі


Сейм Літвы, архіўнае фота
Сейм Літвы, архіўнае фота

У Літве мяркуюць, што такія абмежаваньні закрануць 56 тысяч грамадзян, якія маюць дазвол на працу з сакрэтнай інфармацыяй.

Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі Літвы рыхтуе пералік краін, наведваць якія ня змогуць дзяржаўныя чыноўнікі, што маюць доступ да сакрэтных матэрыялаў.

Як паведаміў партал Delfi, пра гэта ў эфіры радыё Žinių radijаs паведаміў Кястуціс Будрыс, старшы дарадца прэзыдэнта Літвы.

«Пералік будзе заснаваны на рэальнай варожай дзейнасьці краін у дачыненьні да Літвы і яе жыхароў. Калі ёсьць краіны, якія ажыцьцяўляюць варожыя дзеяньні супраць нас — вэрбуюць нашых грамадзян, праводзяць у жыцьцё розныя ініцыятывы, каб нанесьці шкоду нашай нацыянальнай бясьпецы, — яны павінны быць у гэтым сьпісе», — сказаў Кястуціс Будрыс.

Палітык ня выключыў, што ў сьпісе будуць ня толькі Беларусь і Расея.

«Я толькі нагадаю, што ў 2019 годзе ўпершыню Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі ў сваёй справаздачы згадаў Кітай не як варожую дзяржаву, а як дзяржаву, якая вэрбуе нашых грамадзян і паводзіць сябе варожа. Думаю, што ў аснове гэтага сьпісу будзе ацэнка контравыведкі», — патлумачыў ён.

29 верасьня камісія нацыянальнай бясьпекі Сейму Літвы зьвярнулася да Міністэрства абароны па падрыхтоўку неабходных зьменаў у дзейнае заканадаўства ў сувязі з забаронай наведваць краіны. Але пералік «варожых дзяржаў» распрацуюць супольна Міністэрства замежных спраў і Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі.

Рашэньне аб абмежаваньні выезду асобаў, якія маюць доступ да сакрэтнай інфармацыі, ухвалілі ў сувязі з інфармацыяй аб тым, што беларуская выведка актыўна дзейнічае на мяжы, праводзіць допыты грамадзян Літвы на ўезьдзе і выкарыстоўвае шантаж і псыхалягічны ціск, каб прымусіць да супрацы.

У Літве мяркуюць, што такія абмежаваньні закрануць 56 тысяч грамадзян, якія маюць дазвол на працу з сакрэтнай інфармацыяй.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG