Опэрная сьпявачка Маргарыта Ляўчук на сваёй старонцы ў Instagram анансавала выступленьні ў зоне баявых дзеяньняў ва Ўкраіне.
«Я ўступіла ў шэрагі „Культурнага дэсанту“ і еду на фронт з канцэртамі, выступаць для абаронцаў Украіны! Для мяне гэта вялікі гонар! Разам да перамогі! Слава Ўкраіне! Жыве Беларусь!» — напісала Ляўчук увечары 1 кастрычніка.
У жніўні падчас паездкі ва Ўкраіну Ляўчук выступала перад добраахвотнікамі палка імя Кастуся Каліноўскага.
«Культурны дэсант» — аб’яднаньне дзеячаў культуры, якое займаецца арганізацыяй і правядзеньнем франтавых канцэртаў ва Украіне. З пачатку поўнамаштабнай вайны праведзена больш за 2.000 выступаў.
33-гадовая Маргарыта Ляўчук у 2016–2020 гадах была салісткай Вялікага тэатра Беларусі, выступала на сцэнах вядучых эўрапейскіх опэрных тэатраў. Падчас прэзыдэнцкіх выбараў у 2020 годзе падтрымала Сьвятлану Ціханоўскую і прыняла ўдзел у яе выбарчай кампаніі. З сярэдзіны восені 2020 года знаходзіцца за мяжой.
15 лютага 2022 года разам з калегам па сатырычным дуэце «Красная Зелень» блогерам Андрэем Павуком была абвешчана беларускімі ўладамі ў вышук. Дуэт выконваў палітычныя пародыі і проста вядомыя песьні і разьмяшчаў запісы на Youtube.
МУС адзначаў, што Ляўчук і Павук «уцяклі ад сьледзтва за ўчыненьне злачынства».
Сьпявачцы інкрымінуецца арт. 370 КК («зьдзек з дзяржаўных сымбаляў»), які прадугледжвае пакараньне да 3 гадоў пазбаўленьня волі.
Летась у траўні затрымлівалі бацькоў сьпявачкі, якія пражываюць у вёсцы Страдзеч Брэсцкага раёна. Іх аштрафавалі на 70 базавых велічыняў (на той час 2.240 рублёў) кожнага за «непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі» (арт. 24.3 КаАП).
У сакавіку да бацькоў Ляўчук прыходзілі супрацоўнікі крымінальнага вышуку. Іх цікавіў кантакт артысткі ў Telegram.