«Апошнімі днямі я сачу за драматычнай сытуацыяй зь перамешчанымі людзьмі ў Нагорным Карабаху і зноў заклікаю да дыялёгу паміж Азэрбайджанам і Армэніяй, спадзеючыся, што перамовы паміж бакамі будуць садзейнічаць заключэньню трывалага пагадненьня, якое пакладзе канец гуманітарнаму крызісу», — сказаў папа падчас нядзельнай малітвы.
Больш за 100 000 ўцекачоў прыбылі ў Армэнію пасьля ваеннай апэрацыі Азэрбайджана па вяртаньні кантролю над Нагорным Карабахам, паведаміла ў суботу Арганізацыя Аб’яднаных Нацый. Яе місія ўпершыню за 30 год прыбыла ў рэгіён.
Папа таксама паведаміў, што моліцца за ахвяраў выбуху на паліўным складзе каля горада Сцепанакерт у Нагорным Карабаху.
Армянскія сэпаратысты, якія кантралявалі рэгіён на працягу трох дзесяцігодзьдзяў, пагадзіліся раззброіцца, распусьціць свой урад і рэінтэгравацца з Баку пасьля аднадзённага азэрбайджанскага наступу на мінулым тыдні.
Амаль усе з прыкладна 120 000 жыхароў Карабаха пакінулі тэрыторыю, што выклікала крызіс уцекачоў.
Назелі Багдасаран, прэс-сакратар прэмʼер-міністра Армэніі, паведаміла, што да раніцы ў нядзелю ў Армэнію прыбылі 100 483 вымушана перамешчаныя асобы. Яна сказала, што 45 516 уцекачоў цяпер знаходзяцца ў месцах часовага разьмяшчэньня.