У нядзелю ў цэнтры турэцкай сталіцы Анкары адбыўся выбух, у якім вінавацяць «тэрарыстаў». Міністар унутраных спраў Алі Ерлікая напісаў на плятформе X, раней Twitter, што на ўваходзе ў будынак міністэрства адбыўся выбух.
Паводле яго слоў, у нападзе ўдзельнічалі двое «тэрарыстаў». Адзін падарваў сябе, другога «абясшкодзілі», паведаміў ён. Двое паліцыянтаў атрымалі лёгкія раненьні ў выніку перастрэлкі.
Як піша агенцтва DPA, пасьля выбуху цэнтар горада ачапілі. Як паведамляе тэлеканал НТВ, выбух таксама адбыўся ўсяго ў некалькіх сотнях мэтраў ад уваходу ў парлямэнт. У нядзелю заплянаванае пасяджэньне парлямэнта, упершыню пасьля летніх канікул.