Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Турэччыны абмяркуе з ААН прапановы па аднаўленьні збожжавага калідора ў Чорным моры


Прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Таіп Эрдаган у Сочы 4 верасьня 2023 году
Прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Таіп Эрдаган у Сочы 4 верасьня 2023 году

«Спадзяюся, што неўзабаве мы дасягнем добрых вынікаў, якія апраўдаюць чаканьні», — заявіў Рэджэп Таіп Эрдаган.

Прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Таіп Эрдаган заявіў пра намер абмеркаваць з генэральным сакратаром ААН Антонію Гутэрышам новыя прапановы па аднаўленьні чарнаморскай збожжавай ініцыятывы.

Як паведаміла турэцкае інфармацыйнае агенцтва Анадолу, гэтае пытаньне прыярытэтнае для міжнароднай супольнасьці.

«Тэхнічныя аспэкты гэтага пакету кіраўнік нашага МЗС [Хакан Фідан] абмеркаваў з расейскім калегам [Сяргеем] Лаўровым у часе візыту ў Маскву. І я, у сваю чаргу, дэталёва абмеркаваў гэтае пытаньне са спадаром Пуціным. Спадзяюся, што неўзабаве мы дасягнем добрых вынікаў, якія апраўдаюць чаканьні», — працытавала агенцтва словы Эрдагана, сказаныя журналістам ужо на борце самалёта па вяртаньні з Расеі.

Рэджэп Таіп Эрдаган падкрэсьліў, што Турэччына зь першых дзён расейскай агрэсіі выступала за «мір, дыялёг і дыпляматыю», але на гарызонце няма надзейнай пэрспэктывы міру.

Прэзыдэнт Турэччыны заявіў, што Анкара працягне выконваць ролю пасярэдніка ў пытаньнях абмену палоннымі і сытуацыі вакол Запароскай АЭС.

Прэзыдэнты Расеі і Турэччыны Ўладзімір Пуцін і Рэджэп Таіп Эрдаган на перамовах у Сочы 4 верасьня не дасягнулі дамоўленасьці аб аднаўленьні чарнаморскага калідора для паставак украінскага збожжа на міжнародны рынак.

Уладзімір Пуцін заявіў, што краіны Захаду «падманвалі» Расею наконт чарнаморскай ініцыятывы і «проста вымусілі» Маскву выйсьці з угоды. Тым ня менш, паводле слоў расейскага прэзыдэнта, Расея гатовая «рэанімаваць» пагадненьне, калі партнэры выканаюць прапанаваныя Расеяй умовы. Да гэтых умоў, як паведамлялася раней, адносяцца падключэньне Рассельгасбанку да сыстэмы SWIFT, аднаўленьне паставак імпартных запчастак для сельскагаспадарчай тэхнікі, разблякаваньне транспартнай лягістыкі і страхаваньня, аднаўленьне працы аміякаправоду «Тальяці — Адэса» і размарозка актываў расейскіх кампаній, якія трапілі пад санкцыі.

Пуцін таксама абвінаваціў Украіну (ён ня вымавіў назвы краіны, назваўшы яе «іншым бокам») у тым, што яна выкарыстоўвала бясьпечны калідор у Чорным моры ў ваенных мэтах — у прыватнасьці, для нападаў украінскіх бесьпілётнікаў на газаправод «Турэцкая плынь». Украіна гэта адмаўляе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG