Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі зноў перакрыты тэмпэратурны рэкорд дня, абноўлены гістарычныя максымумы больш як на 90% метэастанцый


Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

У Беларусі зноў перакрыты тэмпэратурны рэкорд дня за ўвесь пэрыяд метэаназіраньняў, сьведчыць праведзены BPN параўнальны аналіз апэратыўных і архіўных даных Белгідрамета.

29 верасьня ў Лельчыцах на поўдні Гомельскай вобласьці паветра прагрэлася да 26,5 градуса цяпла. Ранейшы гістарычны максымум быў зарэгістраваны там жа ў 1988 годзе (25,1).

Перапісаны рэкорды на 44 з 48 метэастанцый, за якімі вядзецца назіраньне (92%), у тым ліку ў сталіцы і чатырох абласных цэнтрах.

У Менску было 24,2 градуса вышэй за нуль (23 у 2007 годзе), у Берасьці — 26,3 (24,3 у 1965-м), Горадні — 26,1 (24,8 тады ж), Гомлі — 25,3 (23,2 у 2007-м), Магілёве — 24,1 (23,2 у 2007-м).

Чатыры з 44 перапісаных рэкордаў адносяцца да 1965 года, шэсьць — да 1981-га, 13 — да 1988-га, адзін — да 1999-га, 19 — да 2007-га, адзін — да 2012-га.

Напярэдадні, 28 верасьня, абнавіўся абсалютны максымум дня, які трымаўся з 1942 года (26,6 градуса ў Берасьці супраць 25,8 у Пінску).

З пачатку верасьня зарэгістравана 163 тэмпэратурныя рэкорды.

У апошні дзень месяца чакаецца да 26 градусаў цяпла. У Менску Белгідрамет прагназуе ад 22 да 24 градусаў. Рэкорд дня ў сталіцы — 22 градусы 30 верасьня 2007 года. Рэкорд дня для ўсёй краіны — 27,3 градуса (у Берасьці ў 1991 годзе).

1 і 2 кастрычніка будзе не вышэй за 20 градусаў, потым зноў пацяплее.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG