Палітычнае рашэньне аб увядзеньні абавязковага разьмеркаваньня для выпускнікоў ВНУ, якія вучыліся на платнай аснове, а таксама аб павелічэньні тэрміну адпрацоўкі для бюджэтнікаў да 5 гадоў выклікала шырокі грамадзкі розгалас. Праблему дэфіцыту кадраў рэжым спрабуе вырашыць звыклымі мэтадамі ўзмацненьня «прыгоннай» залежнасьці грамадзян ад дзяржавы.
Сьцісла:
- У рамках працэсу эвалюцыі рэжыму ад аўтарытарнага да таталітарнага чалавек перастае быць грамадзянінам, свабоднай асобай, а ператвараецца ў бяспраўную працоўную сілу, якую ўлада мае права адправіць куды захоча.
- Дэфіцыт кадраў становіцца эканамічнай і сацыяльнай праблемай Беларусі.
- Галоўная прычына недахопу кадраў — эміграцыя, у асноўным з палітычных прычын.
- У існага рэжыму ёсьць толькі адзін спосаб вырашэньня любой праблемы, ён унівэрсальны. Гэта — гвалт.
Падводзячы вынік нарады па пытаньнях адукацыі 21 верасьня, Аляксандар Лукашэнка заявіў: «Па адпрацоўцы мы вызначыліся. Тэрміны (ужо зараз трэба насельніцтва акуратна інфармаваць аб гэтым) мы павялічваем. Мы рыхтуем для сябе адмыслоўцаў. Мы падрыхтавалі, даем табе першае працоўнае месца — ідзі і працуй. Вось туды трэба, мы цябе туды накіроўваем».
У гэтага рашэньня ёсьць два складнікі.
Найперш, тут спрацоўвае сыстэмны чыньнік. У рамках працэсу эвалюцыі рэжыму ад аўтарытарнага да таталітарнага павялічваецца роля дзяржавы ва ўсіх сфэрах грамадзкага жыцьця. Чалавек перастае быць грамадзянінам, свабоднай асобай, а ператвараецца ў падданага дзяржавы, у нейкую шрубку дзяржаўнай сыстэмы, працоўную сілу, якую ўлада мае права адправіць куды захоча («Вось туды трэба, мы цябе туды накіроўваем», — тлумачыць Лукашэнка). Такое «прыгоннае права» ў мадэрнізаваным варыянце.
Найбольш заўважны гэты працэс менавіта ў сыстэме адукацыі. Вось, напрыклад, якая галоўная задача стаіць перад адукацыйнымі ўстановамі? Можа, падвышэньне якасьці ведаў ці фармаваньне творчай асобы? Аказваецца, зусім не. Лукашэнка фармулюе яе так: «Тут павінен быць жалезны парадак і дысцыпліна». Гэта формула функцыянаваньня казармы, а не навучальнай установы.
Або яшчэ цікавы кейс. Лукашэнка даручыў пад эгідай Генэральнай пракуратуры і Камітэту дзяржкантролю стварыць маніторынгавую групу па тэме падручнікаў. Вось, аказваецца, хто ў краіне галоўныя спэцыялісты па падручніках: гэта КДК і Генпракуратура. Галоўны карны орган (Генпракуратура) становіцца галоўным адукацыйным органам. Што вельмі шмат гаворыць пра функцыі сыстэмы адукацыі ў Беларусі.
Другі складнік гэтага палітычнага рашэньня аб адпрацоўцы выпускнікамі ВНУ, больш практычны, зьвязаны з рэальнай сацыяльна-эканамічнай праблемай, якая паглыбляецца літаральна на вачах. Гэта самы вялікі дэфіцыт працоўных рук за ўсе гады існаваньня незалежнай Беларусі. Афіцыйна цяпер у краіне больш за 130 тысяч вакансій. І гэта пачынае нэгатыўна адбівацца на эканамічным стане. Можна ўзгадаць хоць бы скарачэньне ролі ІТ-сэктара ў беларускай гаспадарцы.
Ёсьць сфэры, у якіх дэфіцыт кадраў становіцца сацыяльнай праблемай, якая можа мець і палітычныя наступствы. Найбольш гэта заўважна ў мэдыцыне. У цэлым па краіне на травень не хапала 4904 лекараў-спэцыялістаў, а таксама 4060 мэдсясьцёр. Пагаршэньне мэдычнага абслугоўваньня нэгатыўна ўспрымаецца грамадзтвам.
У чым прычына дэфіцыту працоўных рук? Лукашэнка на згаданай нарадзе адзначыў: «Мяне інфармуюць аб тым, што самыя-самыя прасунутыя, клясныя спэцыялісты з краіны зьяжджаюць». А 23 траўня, падчас нарады, прысьвечанай стану рэчаў у сыстэме аховы здароўя, ён заявіў: «Накшталт рыхтуем дастаткова лекараў і мэдсясьцёр, а ў раёнах не затрымліваюцца нават „мэтавікі“. Шукаюць сабе месца ў сталіцы ці, што яшчэ горш, за мяжой».
Такім чынам, галоўная прычына недахопу кадраў — эміграцыя. А чаго раптам, зь якой прычыны людзі пачалі зьяжджаць з краіны ў масавым парадку?
Зразумела, на пераезд уплываюць розныя прычыны. Шмат эканамічных эмігрантаў, асабліва многа беларусаў з гэтай нагоды выехала ў Расею. Немалая колькасьць мужчын асьцерагаюцца прызыву ў войска, каб ня трапіць на вайну, у якую Беларусь можа быць уцягнута. Пэўная частка моладзі імкнецца ўхіліцца якраз ад прымусовага разьмеркаваньня і адпрацоўкі пасьля ВНУ. Таму, напрыклад, больш за 12 тысяч беларускіх студэнтаў вучыцца ў Польшчы.
Але галоўная прычына масавай эміграцыі — палітычны тэрор у Беларусі. Гэта бясконцыя арышты, суды супраць апанэнтаў рэжыму. Гэта масавыя чысткі ў дзяржустановах і бюджэтных арганізацыях. Там пазбаўляюцца ад палітычна неляяльных людзей.
Калі казаць пра тую ж сфэру аховы здароўя, то цяпер пры кожным буйным шпіталі ці паліклініцы ўведзена пасада намесьніка галоўнага лекара па бясьпецы і кадрах — гэта, як правіла, нехта з КДБ. Дык вось, гэтыя людзі выклікаюць мэдыкаў на допыты, праглядаюць тэлефоны, каб праверыць, ці не чытае лекар незалежныя СМІ, запалохваюць, прымушаюць даносіць на калегаў пад пагрозай звальненьня. Шмат выпадкаў, калі звальнялі адзінага спэцыяліста ў паліклініцы, раёне. Нікога не хвалюе, што ў выніку вялікая колькасьць насельніцтва застаецца без мэдычнай дапамогі.
Ідзе барацьба з прыватнымі мэдычнымі цэнтрамі. Ужо некалькі іх ліквідавана рашэньнем уладаў.
Вынікам усіх гэтых дзеяньняў уладаў стала масавая эміграцыя спэцыялістаў, найперш мэдыкаў.
Цяпер улады нібыта заклапаціліся недахопам працоўных рэсурсаў. Каб вырашыць гэтую праблему, ёсьць відавочныя і зусім простыя рашэньні. Трэба спыніць палітычны тэрор, вызваліць палітвязьняў, узяць курс на лібэралізацыю, абвясьціць амністыю, заклікаць вярнуцца палітэмігрантаў.
Аднак не, усё адбываецца з дакладнасьцю да наадварот. У існага рэжыму ёсьць толькі адзін спосаб вырашэньня любой праблемы, ён унівэрсальны. Гэта — гвалт. На яго зроблена стаўка раз і назаўжды, зь цягам часу яна не мяняецца, іншых спосабаў улада проста не прызнае. Вось і праблему дэфіцыту кадраў рэжым спрабуе вырашыць звыклымі мэтадамі ўзмацненьня «прыгоннай» залежнасьці грамадзян ад дзяржавы.