«Каля 15.20 паветранае судна перасекла мяжу Рэспублікі Беларусь, паглыбіўшыся на далёкасьць да паўтара кілямэтра.
У 16.22 верталёт паўторна парушыў дзяржаўную мяжу, паглыбіўшыся на 300 мэтраў», — заяўляюць у Мінабароны і сьцьвярджаюць, што гэта інфармацыя, «пацьверджаная дадзенымі аб'ектыўнага кантролю».
У МЗС Беларусі выклікалі часовага паверанага ў справах Польшчы ў Беларусі Марціна Вайцяхоўскага. Яму заявілі «рашучы пратэст», запатрабавалі неадкладна правесьці расьсьледаваньне інцыдэнту і інфармаваць беларускі бок аб яго выніках. Таксама Вайцяхоўскаму ўказалі на тое, што «замоўчваньне і адмаўленьне відавочнага факта будзе выглядаць адкрыта недарэчна з боку кіраўніцтва Польшчы».
У Польшчы адмаўляюць факт перасячэньня польскім верталётам беларускай мяжы
«Паведамляем, што сёньняшняя заява беларускага боку аб нібыта перасячэньні мяжы польскім верталётам зьяўляецца ілжывай. Гэта пацьвярджаюць запісы кіраваньня палётамі і радыёлякацыйнай станцыі — такога не было», — заявілі ў апэратыўным штабе Ўзброеных сіл Польшчы.
У ведамстве падкрэсьліваюць, што Войска Польскае «нязьменна паважае і выконвае ўсе палажэньні і правілы адносна непарушнасьці межаў», а таксама адзначаюць, што да інфармацыі, прадстаўленай беларускімі рэжымнымі СМІ, «трэба падыходзіць асьцярожна і разважліва, бо яна часта зьяўляецца элемэнтам правакацыі і дэзынфармуе грамадзкасьць».
- 1 жніўня Польшча заявіла, што ў паветраную прастору Польшчы заляцелі два беларускія гелікоптэры Мі-8 і Мі-24. Пра інцыдэнт паінфармавалі NATO. Часовага паверанага ў справах Беларусі выклікалі ў МЗС Польшчы, дзе яму заявілі рашучы пратэст праз інцыдэнт зь беларускімі верталётамі.
- Міністэрства абароны Беларусі назвала абвінавачаньні ў парушэньні мяжы Польшчы верталётамі Мі-24 і Мі-8 беларускіх ВПС і войскаў СПА «надуманымі». У МЗС Беларусі выклікалі часовага паверанага ў справах Польшчы і заклікалі «не нагнятаць сытуацыю».
- 1 верасьня Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі заявіў, што польскі вайсковы верталёт Мі-24 парушыў паветраную прастору Беларусі: ён нібыта «на гранічна малой вышыні перасек дзяржаўную мяжу, заляцеў на глыбіню 1200 мэтраў» на тэрыторыю Беларусі, а потым вярнуўся ў Польшчу. Прадстаўніка польскай амбасады выклікалі ў МЗС Беларусі.
- Афіцыйная Варшава адмаўляла факт парушэньня мяжы. Міністар унутраных спраў Польшчы Марыюш Каміньскі назваў беларускія заявы «спробай адказаць на наш вельмі рэзкі пратэст на палітычным і дыпляматычным узроўнях у сувязі з парушэньнем нашай прасторы беларускімі верталётамі», якое адбылося 1 жніўня.