Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У 2022 годзе на беларускай мове надрукавалі менш за 1/8 найменьняў кніг


У 2022 годзе на беларускай мове выпушчана 12,43% (менш за 1/8) найменьняў кніг, вынікае з дадзеных, прыведзеных у Канцэпцыі разьвіцьця нацыянальнай культурнай прасторы ва ўсіх сфэрах жыцьця грамадзтва на 2024-2026 гады.

Праект дакумэнта апублікаваны на сайце Міністэрства культуры, па 1 кастрычніка праводзіцца яго грамадзкае абмеркаваньне, піша BPN.

Паводле зьвестак Мінкульта, у 2022 годзе ў краіне выпушчана 8.586 найменьняў кніг і брашур агульным накладам 20,13 млн асобнікаў (2,2 кнігі на аднаго жыхара). Сярэдні наклад адной кнігі — 2,35 тысячы.

На беларускай мове ў 2022 годзе выпушчана 1.067 найменьняў кніг і брашур накладам 2,83 млн экзэмпляраў.

Адзначаецца, што пры камплектаваньни бібліятэчных фондаў маюць месца «факты набыцьця замежнай літаратуры, якая ўплывае на фарміраваньне, прапаганду і распаўсюджваньне поглядаў, якія супярэчаць традыцыйным духоўным каштоўнасьцям беларусаў».

Ведамства прапануе пры выпуску кніг абапірацца на «нацыянальную стратэгію, у якой не дапускаецца дамінаваньне замежных і міжнародных выдавецкіх кампаній». Адзначаецца неабходнасьць «абароны ўнутранага выдавецкага рынку ад замежнай канкурэнцыі, падтрымкі і абароны айчыннага вытворцы, стварэньня ўмоў для фармаваньня інфармацыйнага поля, якое адпавядае традыцыйнай культуры і нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь».

У Беларусі дзясяткі кніг прызнаны «экстрэмісцкімі».

25 верасьня пракуратура Мінскай вобласьці паведаміла, што знайшла ў электронных каталёгах дзевяці цэнтральных і сельскіх бібліятэк выданьні, прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі», і запатрабавала выключыць іх са сьпісаў.

17 ліпеня Аляксандр Лукашэнка зацьвердзіў папраўкі ў закон «Аб выдавецкай справе ў Рэспубліцы Беларусь». Дакумэнт надае Міністэрству інфармацыі паўнамоцтвы «на прыняцьце рашэньняў аб прыпыненьні дзеяньня пасьведчаньняў аб дзяржаўнай рэгістрацыі выдаўцоў».

Рэпрэсіі ў Беларусі зазналі шэраг прыватных выдаўцоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG