Аліневіча, засуджанага на 20 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму, летась этапавалі з мазырскай калёніі ў жодзінскую турму. Пасьля гэтага яго неаднаразова зьмяшчалі ў ШЫЗА. На знак пратэсту ён трымаў галадоўку.
Апякунка анархіста Ігара Аліневіча ў кампаніі «Пакуль усе не будуць вольныя» Аліна Коўшык ініцыявала стварэньне муралу, прысьвечанага Ігару.
Мурал зьявіцца ў дзень народзінаў Ігара Аліневіча – на ўваходзе ў варшаўскі бар «Карма». Маляваць мурал пачнуць а 18:00. Таксама там можна будзе пакінуць ахвяраваньні на падтрымку Ігара і іншых зьняволеных, паведамляе АЧК-Беларусь.
- У часе пратэстаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў беларускія памежнікі ў ноч з 28 на 29 кастрычніка 2020 затрымалі ў Ельскім раёне ля беларуска-ўкраінскай мяжы Ігара Аліневіча і яшчэ трох анархістаў – Дзьмітрыя Дубоўскага, Дзьмітрыя Разановіча і Сяргея Раманава. Іх абвінавацілі паводле артыкула 289 КК «Тэрыразм», а таксама паводле артыкула 295 «Незаконнае абарачэньне зброі». Анархістаў абвінавацілі ў падпале чатырох аўтамабіляў каля будынка пракуратуры ў Салігорску і мясцовага аддзяленьня Дзяржаўнага камітэта судовых экспэртыз.
- У 2013 годзе за кнігу «Еду ў Магадан» Ігар Аліневіч атрымаў галоўную ўзнагароду і стаў першым ляўрэатам Прэміі імя Францішка Аляхновіча Беларускага ПЭН-цэнтра.
- У 2016 годзе Аліневіч стаў ляўрэатам Нацыянальнай прэміі за абарону правоў чалавека імя Віктара Івашкевіча за 2015 год у намінацыі «За асабістую мужнасьць». Штогадовая нацыянальная прэмія ў абароне правоў чалавека была заснаваная Хартыяй'97 у 1998 годзе.