Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Нагорным Карабаху спыняюць агонь — на ўмовах Азэрбайджану


Баку, сталіца Азэрбайджану, 19 верасьня 2023 г.
Баку, сталіца Азэрбайджану, 19 верасьня 2023 г.

21 верасьня ў азэрбайджанскім горадзе Еўлах адбудзецца сустрэча «з прадстаўнікамі армянскіх жыхароў Карабаскага раёну для абмеркаваньня пытаньняў рэінтэграцыі на аснове Канстытуцыі і законаў Азэрбайджанскай Рэспублікі».

Улады Нагорнага Карабаху / Рэспублікі Арцах заявілі аб спыненьні агню, як гэта прапанавала камандаваньне расейскага міратворчага кантынгенту (Азэрбайджан называе гэты рэгіён Нагоным Карабахам, а Армэнія — Арцахам. — РС).

Дзяржаўнае агенцтва Армэніі ARMENPRESS распаўсюдзіла заяву «апарату прэзыдэнта Арцаху», у якой дзеяньні міжнароднай супольнасьці для ўрэгуляваньні сытуацыі называюцца недастатковымі.

«Аналіз дзеяньняў Узброеных сілаў Азэрбайджану паказвае, што перад імі паставілі задачу расьсячы Арцах і нанесьці непапраўную шкоду яго жыцьцядзейнасьці. Цягам двух дзён падразьдзелы Ўзброеных сіл Арцаху гераічна абараняліся ад нападу праціўніка, які перавышаў іх у некалькі разоў у жывой сіле і вайсковай тэхніцы. [...] На жаль, з боку Арцаху таксама ёсьць загінулыя і параненыя. [...] У сытуацыі, што склалася, дзеяньні міжнароднай супольнасьці ў кірунку спыненьня вайны і ўрэгуляваньня сытуацыі недастатковыя. Улічваючы ўсё гэта, улады Рэспублікі Арцах прымаюць прапанову расейскай міратворчай місіі аб спыненьні агню», — сказана ў заяве.

Міністэрства абароны Азэрбайджану заявіла, што прапанову аб спыненьні агню армянскі бок прыняў на ўмовах вываду сваіх войскаў з Карабаскага раёну і іхнага раззбраеньня.

«Паралельна здаецца ўсё ўзбраеньне і цяжкая тэхніка. Усе гэтыя працэсы забясьпечваюцца ў каардынацыі з расейскім міратворчым кантынгентам», — адзначаецца ў заяве Міністэрства абароны Азэрбайджану. Дакумэнт працытавала дзяржаўнае агенцтва AZƏRTAC.

Пазьней адміністрацыя прэзыдэнта Азэрбайджану Ільхама Аліева заявіла, што 21 верасьня ў азэрбайджанскім горадзе Еўлах адбудзецца сустрэча «з прадстаўнікамі армянскіх жыхароў Карабаскага раёну для абмеркаваньня пытаньняў рэінтэграцыі на аснове Канстытуцыі і законаў Азэрбайджанскай Рэспублікі».

Азэрбайджан 19 верасьня пачаў антытэрарыстычныя захады «лякальнага характару» ў Карабаху пасьля інцыдэнту з падрывам міны на аўтадарозе, у якім нібыта загінулі цывільныя і вайскоўцы.

Міністэрства абароны Армэніі заявіла, што армянскіх узброеных сілаў у Нагорным Карабаху няма, і абвінаваціла Азэрбайджан у нанясеньні ракетных удараў па Стэпанакерце.

Армянская служба Радыё Свабода — Азатут’юн Радыёкаян — з спасылкай на Гегама Стэпаньяна, омбудсмэна ў непрызнаным Нагорным Карабаху, паведаміла, што ў выніку ваеннай апэрацыі азэрбайджанскай арміі загінулі 27 чалавек, двое зь іх мірныя жыхары. З словаў Стэпаньяна, яшчэ 138 чалавек атрымалі раненьні, зь іх 29 — мірныя жыхары.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG