Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Па дарозе ў пастарунак паліцыянт завёз мяне паглядзець каменныя крыжы». Гісторыя беларускага ўцекача, якога затрымалі ў Армэніі


Армянскі краявід: возера Севан і горы. Ілюстрацыйнае фота
Армянскі краявід: возера Севан і горы. Ілюстрацыйнае фота

Беларус Дзяніс (імя зьмененае з прычын бясьпекі. — РС) каля году жыве ў Грузіі. Ён мусіць раз на год «абнуліць» тэрмін жыхарства, выехаўшы за мяжу. Дзяніс паехаў у Армэнію, дзе яго затрымалі. Пра свае «прыгоды» ён расказаў Свабодзе.

У Грузію пасьля падзеяў 2020 году пераехалі дзясяткі тысяч беларусаў. Для большасьці краіна была транзытнай. Тут беларусы атрымлівалі эўрапейскія візы і ехалі ў Польшчу, Літву альбо далей. Але многія заставаліся. Паводле грузінскай статыстыкі, на вясну 2023 году ў Грузіі засталіся жыць 13 тысяч грамадзян Беларусі.

Беларусаў прываблівае адносна ляяльнае міграцыйнае заканадаўства. Там можна жыць 365 дзён, затым выехаць за мяжу літаральна на гадзіну і вярнуцца. Гэты працэс нават атрымаў адмысловую назву — visa run. Звычайна беларусы робяць visa run у Турэччыну, часам у Армэнію. Але адтуль можна і не вярнуцца. Вядомыя выпадкі, калі грузіны больш не пускалі беларусаў да сябе. Здараецца і такое, што беларусаў падчас спробы «абнуленьня» затрымліваюць.

Затрыманьне, ператрус, эміграцыя

Дзяніс у 2022 годзе скончыў у Беларусі ўнівэрсытэт. Вучыўся на праграміста. Кажа, што быў затрыманы ў 2020 годзе, затым меў ператрус у 2021 годзе і гутаркі ў міліцыі.

«Супрацоўнікі міліцыі праяўлялі да мяне пэўны інтарэс. Сытуацыя ў краіне была ня вельмі, таму як толькі атрымаў дыплём — сабраў рэчы і паехаў у Грузію. Месца працы я не мяняў — працаваў на тую самую, што і ў Беларусі, IT-кампанію», — кажа Дзяніс.

У Грузіі ён аформіўся як індывідуальны прадпрымальнік, зьняў жытло.

Улетку 2023 году Дзянісу трэба было «абнуліць» тэрмін жыхарства ў Грузіі. Ён сеў на маршрутку і паехаў у Армэнію. Але на памежным пераходзе з армянскага боку пачаліся «прыгоды».

«Усё нармальна, ты ў вышуку ў Беларусі»

На памежным пераходзе, расказвае Дзяніс, ягоны беларускі пашпарт у армянскіх памежнікаў выклікаў вялікую зацікаўленасьць. Яны ўважліва разглядалі дакумэнт, фатаграфавалі, некуды званілі. Беларус кажа, што пачаў нэрвавацца. Маршрутка зьехала безь яго.

Потым па Дзяніса прыслалі прадстаўніка паліцыі і яны паехалі разам у аддзяленьне.

«Я яшчэ на мяжы пачаў нэрвавацца, пісаў у праваабарончы цэнтар «Вясна», баяўся, што мяне могуць дэпартаваць. Супрацоўнік паліцыі на мае пытаньні адказаў: «Усё нармальна, ты ў вышуку ў Беларусі», — узгадвае суразмоўца. Паліцыянт абяцаў, што Дзяніса доўга трымаць ня будуць.

З словаў Дзяніса, пра вышук ён ня ведаў. Выявілася, што крымінальную справу на мужчыну завялі за ўхіленьне ад войска. Дзяніс патлумачыў, што разам з дыплёмам аб адукацыі атрымаў позву ў вайсковы камісарыят, але не пайшоў туды.

«Па дарозе паліцыянт натхнёна апавядаў пра мясцовыя славутыя хачкары — каменныя крыжы. Ён нават зьмяніў маршрут, каб паказаць мне іх. Затым мы паехалі на „разборкі“», — кажа Дзяніс.

Паводле ягоных словаў, участак паліцыі быў «саўковы». Суразмоўца кажа, што такіх і ў Беларусі ня бачыў.

«Паліцыянты глядзелі расейскую перадачу з прапагандысткай Скабеевай. Мне прапанавалі пагуляць у нарды, але я ня ўмею, таму адмовіўся», — кажа Дзяніс.

На яго аформілі дакумэнты, затым армяне тэлефанавалі, як паведамілі затрыманаму, «беларускім калегам». Дзянісу прапаноўвалі паразмаўляць зь нейкім міліцыянтам, але ён адмовіўся.

«Праз тэлефон ня чуў, што кажуць беларускія міліцыянты. Толькі пачуў ад армянскага паліцыянта адказ на нейкае пытаньне: „Не, мы на такое права ня маем“. Можа быць, там прасілі затрымаць мяне на даўжэйшы тэрмін, ня ведаю», — дадаў беларус.

Праз шэсьць гадзін пасьля затрыманьня яго адпусьцілі, але з Армэніі ён выехаць ня меў права. Пра гэта было напісана ў дакумэнце, які Дзянісу ўручылі ў пастарунку.

Шашлычная замест праваабарончай арганізацыі

Дзяніс расказвае, што апынуўся на вуліцы ў армянскім памежжы, спыніў аўтамабіль да Ерэвану і паехаў начаваць да «знаёмых знаёмых». Каб выбрацца назад у Грузію, вырашыў скарыстацца дапамогай мясцовых праваабаронцаў. Гэта яму параілі праваабаронцы зь Беларусі. Суразмоўца кажа, што знайшоў у Google тры варыянты — Хэльсынскі камітэт, «нейкі» Праваабарончы дом і Офіс омбудсмэна (абаронцы правоў чалавека. — РС).

«На месцы, дзе мусіў быць Хэльсынскі камітэт, была шашлычная. І там ніхто ня меў паняцьця пра Хэльсынскі камітэт. Пад адрасам Праваабарончага дому ішоў рамонт. У выніку я трапіў у Офіс омбудсмэна, і там мне абяцалі дапамагчы», — расказвае беларус.

Паводле яго, у Офісе сказалі, што ведаюць пра такія праблемы беларусаў — калі могуць затрымаць у Армэніі і ня выпусьціць з краіны. Праваабаронцы сказалі Дзянісу, што такіх гісторыяў шмат і што яны цяпер распрацоўваюць мэханізм, каб мясцовы МУС даваў беларусам, якіх дома перасьледуюць з палітычных прычынаў, дазвол на выезд.

«Я лічу, што я з палітычных прычынаў пакінуў Беларусь. Бо я меў затрыманьні, ператрус і не хацеў бы сесьці ў турму там», — дадаў Дзяніс.

Дзянісу паабяцалі, што разьбяруцца зь ягонай гісторыяй цягам месяца. І ён пачаў чакаць, зьняў пакой у вёсцы непадалёк Ерэвану.

«За тры дні да канца абяцанага тэрміну я пазваніў у Офіс, і мне адказалі, што мае праблемы вырашаныя і я магу выехаць з Армэніі. Папераў ніякіх не давалі. Я паехаў. На мяжы армянскія памежнікі толькі запыталіся: „Што, былі праблемы? Вы іх вырашылі?“ Сказаў, што так. І ўсё — спакойна прапусьцілі», — кажа Дзяніс. У Грузіі ён атрымаў польскую візу і плянуе перабрацца жыць у Польшчу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG