Палітычны аналітык Аляксандар Фрыдман зьвярнуў увагу на тое, што працэс у Швайцарыі адметны ня толькі лёсам Юрыя Гараўскага, але і тым, што падчас суду будуць у цэлым вывучаныя дэталі выкраданьняў і забойстваў, якія адбыліся ў 1999–2000 гадах у Беларусі. Пра гэта Фрыдман сказаў BPN.
На яго думку, у прысудзе «з пэўнай верагоднасьцю могуць фігураваць» імёны ня толькі непасрэдных выканаўцаў, якія зьдзейсьнілі злачынствы, але і замоўцы.
«Гэта ўжо можа стаць падставай для будучых разбораў, напрыклад для ордэраў на арышт [заснавальніка спэцатраду хуткага рэагаваньня Дзьмітрыя] Паўлічэнкі, можа быць, [кіраўніка МУС у 1999–2000 гадах Юрыя] Сівакова, магчыма, [на той момант дзяржсакратара Савету бясьпекі – памочніка Лукашэнкі ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі] Віктара Шэймана, хаця насамрэч малаверагодна», — сказаў Фрыдман.
Так ці інакш, суд над Гараўскім — першы працэс аб «злачынстве эпохі Лукашэнкі», які будзе даведзены да «свайго лягічнага завяршэньня».
«Гэта ня толькі расьсьледаваньне, ня толькі выстаўленьне абвінавачаньняў, будзе канкрэтны вырак», — падкрэсьліў ён.
Экспэрт канстатаваў, аднак, што «сыстэма ўлады Лукашэнкі» ад вынесенага прысуду «не пачне хістацца», але «ён пакажа многім, хто знаходзіцца ва ўладзе, што за злачынствы, якія былі зьдзейсьненыя <...> амаль 25 гадоў таму, можа быць пакараньне». У той жа час, на яго думку, працэс наўрад ці паўплывае на «паводзіны людзей, якія служаць рэжыму», бо для цяперашняга пакаленьня беларускіх сілавікоў тыя падзеі «здарыліся занадта даўно», «яны пра іх ня памятаюць і ня ведаюць».
Фрыдман перакананы, што Беларусь «ня выдасьць ані Паўлічэнку, ані Сівакова, ані астатніх», але яны, пэўна, «будуць фігураваць у рашэньні суду як удзельнікі, арганізатары, выканаўцы злачынства».
Таксама сваю думку наконт працэсу і яго магчымых наступстваў у камэнтары reform.by выказаў кіраўнік аддзелу правоў чалавека і вяршэнства права міжнароднай ініцыятывы iSANS Юры Джыбладзэ.
Ён зьвярнуў увагу на тое, што судзьдзя ўжо ў першы дзень працэсу задаваў Гараўскаму пытаньні адносна іншых фігурантаў.
«Магчыма, падчас суду над Гараўскім адкрыюцца новыя абставіны, якія дазволяць праліць сьвятло на абставіны тых трагічных падзей і дадуць магчымасьць швайцарскім пракурорам ініцыяваць афіцыйнае расьсьледаваньне ў дачыненьні да Дзьмітрыя Паўлічэнкі і іншых верагодных удзельнікаў выкраданьня і забойства апазыцыйных палітыкаў».
Джубладзэ лічыць паказальным, што першы вырак па тых падзеях вынясуць амаль праз чвэрць стагодзьдзя пасьля іх. Гэта сьведчыць пра тое, наколькі доўга часам трэба дабівацца аднаўленьня справядлівасьці, але таксама дэманструе, што гэта ўсё ж магчыма.
Гэта, на думку экспэрта, дасьць надзею сваякам пацярпелых ад парушэньняў правоў чалавека і ўсяліць упэўненасьць у тых юрыстаў і праваабаронцаў, якія займаюцца суправаджэньнем спраў па падзеях 2020 году.