Што ўваходзіць у гэтую цану і адкуль пэўнасьць, што там мае жыць Лукашэнка? Пра новае расьсьледаваньне расказвае прадстаўнік BelPol Мацьвей Купрэйчык.
Паводле аднаго з аўтараў расьсьледаваньня, новая рэзыдэнцыя Лукашэнкі знаходзіцца на вуліцы Чырвонаармейскай 15 у Менску, у будынку былой «лечкамісіі». Уся тэрыторыя цяпер закрытая для наведнікаў, там змантавана шмат відэакамэраў, ахова ў двух КПП, людзі ў цывільным.
Цалкам інтэрвію глядзіце ў відэафармаце на Youtube.
«Мы прадэманстравалі шмат дакумэнтаў, якія маюць як гербавыя пячаткі, так і дамовы на пастаўкі рознага абсталяваньня, у якіх канкрэтна напісана, што гэта набывалася асабістым распараджэньнем дыктатара», — кажа Купрэйчык.
Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», ідзецца пра аб’ект, які ў задуме мае быць рэзыдэнцыяй старшыні Ўсебеларускага народнага сходу. Такую новую пасаду Аляксандар Лукашэнка ўпісаў у Канстытуцыю ў 2022 годзе. Купрэйчык сьцьвярджае, што BelPol правяраў гэтую інфармацыю.
«Я магу на 100% сказаць, што гэтая рэзыдэнцыя рыхтуецца для Лукашэнкі. У нас ёсьць частка дакумэнтаў, якія мы ня можам паказаць у мэтах бясьпекі. Там выразна пра гэта гаворыцца. Таму мы і кажам пра ўсё з такой упэўненасьцю. Дакумэнты мы атрымалі зь дзьвюх не зьвязаных паміж сабою крыніцаў», — дадае прадстаўнік Belpol.
На яго думку, здабыцьцё такіх дакумэнтаў сьведчыць пра неманалітнасьць сыстэмы і наяўнасьць у ёй людзей, якія хочуць пераменаў і чакаюць «нейкага канкрэтнага моманту».
Агульны кошт усяго аб’екту – 43 645 943 беларускія рублі. BelPol прыводзіць кошт паводле курсу на 1 жніўня 2023 году — амаль $14,4 мільёна.
Ускосна пацьвярджаюць тое, што рэзыдэнцыя пабудаваная для Лукашэнкі, дакумэнты, падпісаныя начальнікам галоўнага ўпраўленьня капітальнага будаўніцтва кіраўніцтва справаў Лукашэнкі Яўгенам Галіным, памяшканьні для адʼютанта і асабістай аховы, адна спальня, адзін працэдурны кабінэт.