Як сказаў Макарці ў аўторак, расьсьледаваньне «засяродзіцца на абвінавачваньнях у злоўжываньні ўладай і карупцыі». Ён дадаў, што расьсьледаваньне заканадаўцаў ЗША нібыта паказала, што Байдэн хлусіў амэрыканцам, быццам ня ведае пра бізнэс чальцоў сям'і. Макарці падкрэсьлівае, што ў дачыненьні да кіраўніка дзяржавы існуюць «сурʼёзныя і вартыя даверу» падазрэньні.
Бі-бі-сі адзначае, што сябры Рэспубліканскай партыі расьсьледуюць дзеяньні прэзыдэнта-дэмакрата ад таго часу, як у студзені 2023 году ўзялі Палату прадстаўнікоў пад свой кантроль. Сумнеўнымі, у прыватнасьці, яны лічаць дзелавыя сувязі Хантэра Байдэна – сына 46-га прэзыдэнта ЗША. Слуханьні, якія дагэтуль арганізуюцца рэспубліканцамі, не знайшлі канкрэтных доказаў неправамерных дзеяньняў цяперашняга кіраўніка Белага дому.
У прэзыдэнцкай адміністрацыі пасьля анонсу расьсьледаваньня супраць Байдэна заявілі, што рэспубліканцы не прадставілі ніякіх доказаў правапарушэньняў.