Старшыню Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандра Ярашука пераводзяць са шклоўскай калёніі ў крытую турму ў Магілёве. Пра гэта Свабодзе паведаміў актывіст незалежнага прафсаюзнага руху Максім Пазьнякоў са спасылкай на зьвесткі, атрыманыя ад самога Ярашука.
«Ведаем, што яму дастаецца, на яго ад пачатку моцна ціснулі і цяпер не адчапіліся. За што кідаюць у „крытку“ (крытую турму. — РС), пакуль нам не вядома. Але зразумела, што падставу знойдуць, калі ёсьць загад. Перавод у крытую турму для яго, чалавека ўжо пэнсійнага ўзросту, азначае новыя выпрабаваньні. Разумеем, што ў маральным і ў фізычным сэнсе крытая турма — гэта значна цяжэй, чым калёнія. Але даходзяць зьвесткі, што ён трымаецца мужна», — расказаў актывіст.
Аляксандар Ярашук нарадзіўся ў 1951 годзе. Лідэра БКДП арыштавалі ў красавіку 2022 году і асудзілі на 4 гады зьняволеньня паводле 342 і 361 артыкулаў Крымінальнага кодэксу — за «арганізацыю дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак», і «заклікі да дзеяньняў, якія наносяць шкоду нацыянальным інтарэсам краіны». Сваёй віны Аляксандар Ярашук не прызнаў, праваабаронцы Беларусі прызналі яго палітвязьнем.
Праблемы са здароўем маюць у няволі і іншыя лідэры незалежнага прафсаюзнага руху, паведаміў Максім Пазьнякоў.
«Ведаем, што ў Генадзя Фядыніча, якога трымаюць у Бабруйскай калёніі № 2, пачаліся праблемы з ныркамі, а ў яго яшчэ і цукровы дыябэт. У Васіля Берасьнева, які ў 15-й калёніі пад Магілёвам, таксама хворыя ныркі. Там жа адбывае тэрмін ажно ў 8 гадоў Вацлаў Арэшка. У яго вельмі складана са зрокам, адным вокам зусім ня бачыць».
Усяго ў вязьніцах цяпер знаходзіцца 51 актывіст незалежнага прафсаюзнага руху Беларусі. Паводле Максіма Пазьнякова, які за мяжой часова выконвае абавязкі старшыні БКДП, пра ўсіх зьняволеных паплечнікаў у Кангрэсе стараюцца сабраць зьвесткі, па магчымасьці падтрымліваюць кантакты зь імі праз сваякоў. Праўда, гэта не заўсёды ўдаецца.
«Большасьць нашых палітвязьняў — гэтыя тыя, каго ўжо асудзілі і яны знаходзяцца ў калёніях. Ад некаторых прыходзяць лісты, бываюць званкі на волю. Але не ад усіх. Вось у Аляксандра Ярашука нават званкі абмяжоўвалі. Часам бывае і так, што сваякі вязьняў просяць пра іх нічога не паведамляць у мэдыя, асьцерагаюцца. Неўзабаве адзін актывіст мае выйсьці на волю, дык пра яго просяць маўчаць. Гэта што тычыцца калёній. Але ёсьць і тыя калегі, каго затрымалі адносна нядаўна і яны яшчэ пад сьледзтвам, як актывісты з „Нафтану“ Вольга Брыцікава, Аляксандар Балонкін і Аляксандар Кухаронак. Ведаем пра іх, што яны ў Віцебскім СІЗА. Умовы там складаныя, але яны трымаюцца».
Паводле Максіма Пазьнякова, сёлета варта чакаць больш рашучых дзеяньняў, нацэленых на вызваленьне беларускіх прафсаюзных актывістаў, з боку Міжнароднай арганізацыі працы (МАП).
«Сёлета МАП прыняла рэзалюцыю аб Беларусі, у якой вядзецца пра ўжываньне адносна беларускага ўраду 33-га пункту статуту МАП. Гэтым пунктам прафсаюзным арганізацыям, якія ўваходзяць у МАП, у адказ на парушэньне ў пэўнай краіне права на прафсаюзныя аб’яднаньні рэкамэндавана аказваць на яе ціск праз санкцыі, байкоты, кампаніі салідарнасьці працоўных. Гэтая пазыцыя даведзеная да розных краін, і мы чакаем, што неўзабаве яна пачне даваць плён», — сказаў Максім Пазьнякоў.