Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 8 верасьня: адваката Данілевіча і журналіста Меркіса дадалі ў «сьпіс экстрэмістаў»


Аляксандар Данілевіч
Аляксандар Данілевіч

Рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца.

8 верасьня МУС абнавіла «Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненьне да экстрэмісцкай дзейнасьці». Цяпер у сьпісе 3268 чалавек.

Сярод іншых, у сьпіс дадалі журналіста Яўгена Меркіса, адваката Аляксандра Данілевіча, асуджанага за «агентурную дзейнасьць» грамадзяніна Ўкраіны Сяргея Бойку.

Хто такі Яўген Меркіс

Незалежнага журналіста і экскурсавода Яўгена Меркіса затрымалі 13 верасьня 2022 году ў Гомлі. У яго правялі ператрус, канфіскавалі электронныя носьбіты інфармацыі. Да суду адправілі ў СІЗА № 3.

Меркіс асьвятляў акцыі пратэсту пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, вёў стрымы зь мітынгаў так званых «дармаедаў». Яго неаднаразова затрымлівала міліцыя, суды штрафавалі і адпраўлялі яго на «суткі». Агулам за журналісцкую дзейнасьць Меркісу прысудзілі 50 дзён арышту і больш за 200 базавых велічынь штрафаў.

Пасьля прызнаньня шэрагу незалежных СМІ «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» Яўген займаўся краязнаўчай і гістарычнай дзейнасьцю.

Хто такі Аляксандар Данілевіч

Аляксандар Данілевіч — пасьпяховы адвакат, які спэцыялізуецца на прадстаўленьні інтарэсаў кліентаў у міжнародным камэрцыйным арбітражы.

У красавіку 2022 году Аляксандра звольнілі з прычыны ягонай грамадзянскай пазыцыі з Факультэта міжнародных адносінаў БДУ. Ён працаваў там 20 гадоў. Аляксандар перастаў выходзіць на сувязь 20 траўня. Пазьней стала вядома, што ён знаходзіцца ў СІЗА КДБ.

Данілевіч падпісаў адкрыты антываенны зварот адвакатаў і юрыстаў датычна дзеяньняў ва Ўкраіне, за гэта на яго завялі дысцыплінарную справу і звольнілі з факультэту міжнародных зносін, дзе ён працаваў больш за 20 гадоў.

Адвакат абараняў чальцоў Свабоднага аб’яднаньня спартоўцаў, напрыклад гандбольнага трэнэра Канстанціна Якаўлева; ён сам актыўна займаецца спортам — веславаньнем, роварам, рэгбі. Валодае, акрамя беларускай і расейскай, яшчэ ангельскай, францускай і італьянскай. Сацыяльныя сеткі вядзе па-беларуску. Данілевіч выступаў за свабоду беларускім журналістам, якія сталі палітзьняволенымі.

Ён аўтар разьдзелаў «Міжнароднае прыватнае права. Беларусь» і «Спартовае права. Беларусь» у Сусьветнай энцыкляпэдыі. Валодаў адвакацкім агенцтвам «Данілевіч і Валожынец».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG