Некалькі апошніх дзён было таксама заўважанае зьмяншэньне мігрантаў, якія пад кантролем беларускіх сілавікоў штурмуюць мяжу Эўразьвязу. Ці магчымы дыялёг паміж Лукашэнкам і краінамі Эўразьвязу? Пра гэта ў этэры Свабоды Premium разважае палітычны аналітык Дзьмітрый Балкунец.
На яго думку, пасьля ліквідацыі кіраўнікоў «Вагнэра» небясьпека сапраўды зьменшылася. Тая колькасьць «вагнэраўцаў», якая цяпер знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі, ніякай пагрозы для суседзяў Беларусі не ўяўляе.
Цалкам інтэрвію глядзіце ў відэафармаце на Youtube.
«Празь месяц пачнуцца дажджы і пахаладаньне, таму яны ня змогуць знаходзіцца на вуліцы. А дыялёг ужо ідзе. Калі мы паглядзім на гандаль Эўразьвязу зь Беларусьсю, напрыклад экспарт у Беларусь, і параўнаем зь лютым 2022 году, то гэты гандаль павялічыўся на 30%. Я лічу, што гэта дыялёг. Імпарт зь Беларусі ў ЭЗ зьменшыўся за кошт нафты і іншых рэсурсаў. Я ўпэўнены, што дыялёг ёсьць і па лініі спэцслужбаў і кіраўнікоў сілавых ведамстваў. Але калі мы гаворым пра дыялёг Лукашэнкі з эўрапейскімі лідэрамі, то гэта немагчыма. Гэта чалавек, які перайшоў усе дазволеныя межы і ня мае ніякай падтрымкі ў Беларусі. Гэта ўжо пройдзеная сытуацыя», — лічыць Балкунец.
Паводле Балкунца, Лукашэнка сёньня хацеў бы зьменшыць татальную залежнасьць ад Пуціна, але ніякіх магчымасьцяў для гэтага ў яго не засталося. Разам з тым у Эўропе, на думку аналітыка, няма гатоўнасьці рашуча дзейнічаць у адносінах да Беларусі і Лукашэнкі.